Як перастаць быць дармаедам за 10 дзён

Не працуеш паўгода (183 каляндарныя дні) — заплаці падатак у 3,6 мільёна: такую норму нам дыктуе дэкрэт "Аб дармаедах". Дзейнічаць ён пачынае ўжо зусім хутка — у Мінпрацы раяць знайсці працу да канца чэрвеня. 


Як гэта зрабіць хутка? Падбіраем варыянты, што засталіся на гэтыя 10 дзён.


Самы просты і лагічны — уладкавацца на працу. Але ў цэнтры занятасці Ленінскага раёна Мінска гарантый, што справімся за 10 дзён, не даюць. 


"Усё залежыць ад адукацыі, досведу. Цяпер складаная сітуацыя, і гарантый ніхто не дае. Ёсць людзі, якія адразу ўладкоўваюцца, але большасць шукае працу месяц ці два".


Але калі стаць на ўлік як беспрацоўны, падатку таксама можна пазбегнуць. Такі варыянт адразу прапануюць у Цэнтры занятасці Фрунзенскага раёна Мінска.


"Вам трэба да 30 чэрвеня зарэгістравацца як беспрацоўны. У нас цяпер чэргі, але мы працуем па 12 гадзінаў", — абяцаюць паставіць на ўлік за адзін (!) дзень.


У дэкрэце "аб дармаедах" яшчэ ёсць паратунак — творчыя саюзы. Каб пазбегнуць збору на беспрацоўе ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, трэба мець кнігу ці хаця б некалькі публікацый у часопісе. А разглядаць заяўку могуць… да года. Такі варыянт нам не падыходзіць!


Незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў таксама прымае, калі ёсць кніга ці публікацыі. Але тут гатовыя разгледзіць і электронную кнігу, і самавыдадзеную.


"Не заўважылі мы, каб людзі ішлі натоўпам. Столькі ж людзей, як і раней. Нейкіх спецыяльных крокаў не рабілі. У нас разглядаюць заяўкі на ўступленне кожны квартал, наступны раз могуць разгледзець у канцы чэрвеня", — кажа намеснік старшыні саюза Усевалад Сцебурака. То бок тэарэтычна можна паспець стаць пісьменнікам у канцы чэрвеня і не плаціць 3,6 мільёна.


Саюз мастакоў гатовы прыняць толькі выпускнікоў універсітэтаў з профільнай адукацыяй. Таксама трэба паўдзельнічаць у рэспубліканскіх выставах.


"Прымаем у лістападзе, раз на год. У нас даволі жорсткая сістэма прыёму: вышэйшая мастацкая адукацыя і ўдзел у пяці рэспубліканскіх выставах, у Палацы мастацтваў", — даводзіць старшыня Рыгор Сітніца. Таксама не варыянт! Да лістапада здзяруць падатак.


Прасцей за ўсё аказваецца ў саюзе фотамастакоў. Сюды прымаюць кожны месяц, дастаткова мець фотаздымкі, якія разгледзіць камісія. Ці захапляцца фатаграфіяй як навукай. Але давядзецца атрымаць рэкамендацыі ад сяброў саюза. За апошнія тры месяцы сюды прынялі дзясятак новых сяброў.


"Трэба, каб вы займаліся фатаграфіяй. Трэба рэкамендацыі двух сяброў. Кожны месяц мы разглядаем заявы", — апісвае старшыня саюза Сяргей Плыткевіч.


То бок варыянты ёсць, але гэтыя варыянты падыходзяць не ўсім. Напрыклад, настаўніца года са Светлагорска Алена Маслюкова працу так і не знайшла. Еўрарадыё паведамляла, што яе звольнілі летась, на яе думку, за пазіцыю па вайне ва Украіне.


"Я звярталася ў аддзел адукацыі, але працы там для мяне не знайшлі. Пад дэкрэт падпадаю, цяпер думаю, што рабіць з гэтым".


Па стане на 1 сакавіка ў Беларусі налічвалі 36 тысяч беспрацоўных (тыя, хто афіцыйна зарэгістраваўся на біржы працы). Гэта напалову больш, чым летась. Толькі за люты беспрацоўных стала на 5 тысяч больш, чым у студзені.


З “дэкрэта аб дармаедах” выключаць пэўныя катэгорыі грамадзян

Фота: grodno.in

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі