Як прадаюцца “Народная Воля” і “Наша Ніва” ў Брэсце?

Брэсцкі карэспандэнт Еўрарадыё высветліў: «НВ» прадаецца на 90%, «НН» - на 70%. Абедзве газеты прадаюцца ў кропках Брэстаблсаюздруку. Адна з самых наведваных месціцца на вул.Пушкінскай.

Прадавачка: Купляюць, купляюць. “Нашай Нівы” даюць 1-2. А “Народная Воля” , калі ў аўторак атрымліваем сорак штук, дык да пятніцы застаецца дваццаць. Нядаўна яны яшчэ пачалі прадавацца, не ўсе ведаюць яшчэ.  
 
Не менш папулярная  кропка - крама “Планета”.

Прадавачка:
Мы атрымліваем 40 «Народнай волі» штук па аўторках і пятніцах, дык 30 разыходзіцца, а “Нашу Ніву” разбіраюць усю.

У кіёскі вернутыя газеты таксама даюць. Спытаў, ці іх купляюць.

Прадавачка:
Купляюць. “Народнай Волі” прыходзіць 15 штук, дык вось цяпер ляжыць дзве.

EРБ: А “Наша Ніва”?

Прадавачка:
Яе прыходзіць менш, і лепш купляюць “Народную Волю”.

Пытанне, якая газета прадаецца найгорш, карэспандэнт Еўрарадыё задаваў усюды. Адказ быў аднадушны: “Брестский вестник”, орган гарвыканкама. У адным месцы назвалі яшчэ “Народную трыбуну”, беларускамоўную газету, заснаваную аблвыканкамам.

Казалі таксама, што вельмі ўплывае на газеты кошт. Прыкладам, афіцыйная абласная “Заря” каштуе ўсяго 400 рублёў. Газеты-вяртанкі не атрымліваюць дзяржаўных датацыяў, таму і каштуюць даражэй: “Народная Воля” - 900 рублёў, “Наша Ніва” - 2 тыс.

Урэшце зайшоў у маркетынгавы аддзел “Аблсаюздрука”.

ЕРБ: Якія газеты найбольш выпадаюць у астатак?

Супрацоўнік: “Брестский вестник”. Але лічыцца нармальным астатак у сярэднім 25%.

EРБ: Дык гэтыя газеты, якія вярнуліся, – з часам раскруцяцца, вернуцца ў сваю нішу?

Супрацоўнік:
Канечне. Патрэбны час. Але ў сувязі з эканамічным крызісам людзі адмаўляюцца ад газет. Сталыя чытачы нават купляюць свае газеты не ўсе.
 
У “Аблсаюздруку” Еўрарадыё далі табліцу продажаў і спісання “Народнай волі” і “Нашай Нівы” па Брэсце і вобласці за студзень. З 3 770 асобнікаў “Народнай волі” застаюцца непрададзенымі адзінкі. Рэалізацыя ў сярэднім 90%. “Наша Ніва” таксама прадаецца някепска: з 500 асобнікаў па вобласці прадалося каля 70%. І гэта пры тым, што ніхто з тутэйшых дэмакратычных актывістаў не рабіў акцыяў, каб звярнуць увагу грамадзянаў: газеты “Народная Воля” і “Наша Ніва” вярнуліся.

На здымку: “Народная Воля” і “Наша Ніва”: статыстыка продажаў і спісання па Брэсце і Брэсцкай вобласці. Зводная табліца за студзень 2009 г.



 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі