Якаўлеўскі: Візіту Папы ў Беларусь да выбараў дакладна не будзе
Ці здолеюць улады на справе палепшыць адносіны з Ватыканам, пакажа прыезд патрыярха Кірыла ў ліпені, лічыць эксперт.
Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з дзяржсакратаром Ватыкана П’етра Паралінам кіраўнік Беларусі падкрэсліў роўнае стаўленне ў Беларусі як да каталіцкай, так і да праваслаўнай царквы. Пасланец Ватыкана пакрэсліў, што мэта яго візіту — развіццё кантактаў з нашай дзяржавай. Што можа азначаць гэты візіт і якія наступствы трэба чакаць? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага.
Якаўлеўскі праводзіць шэраг цікавых паралеляў. Ён згадвае актывізацыю адносінаў з Ватыканам напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў (2010 года). Тады чакалася, што пасля асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Папы, беларускі Касцёл прынамсі заключыць з дзяржавай афіцыйную дамоўленасць — так званы канкардат. Але гэтага не здарылася. А без канкардату, на думку Рамана Якаўлеўскага, не варта сцвярджаць пра роўнае стаўленне ўладаў да касцёлу і праваслаўнай царквы.
У той жа час, як лічыць Якаўлеўскі, станоўчыя адносіны Беларусі і Ватыкана многім сёння падаюцца выгаднымі.
Якаўлеўскі: “Пэўныя чыноўнікі і эксперты кажуць, што менавіта праз Ватыкан, як гэта было напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў, магчыма актывізаваць адносіны з Еўразвязам. Такія спадзяванні маюць пад сабой глебу. Ватыкан уплывовы не толькі як царква, гэта яшчэ і дзяржава. Але чакаць нечага неверагоднага ад актывізацыі гэтых стасункаў я б не стаў. Адбываецца руцінная праца і спробы двух бакоў паўплываць адно на аднаго”.
У ліпені 2015 года чакаецца візіт у Беларусь патрыярха Рускай праваслаўнай царквы Кірыла. На думку Якаўлеўскага, тады мы і атрымаем уцямны адказ на пытанне, у якой ступені Лукашэнка здолеў палепшыць стасункі з Ватыканам і наколькі Ватыкан можа ў добрым сэнсе паўплываць на еўрапейскі шлях Беларусі.
Лукашэнка перадаў падарунак для Папы Рымскага Францішка (фота, відэа)
Што тычыцца перспектываў візіту ў Беларусь Папы Рымскага, гэтага да прэзідэнцкіх выбараў дакладна не здарыцца, лічыць Якаўлеўскі.
“У свой час напярэдадні памаранчавай рэвалюцыі (здарылася ў 2004 годзе — Еўрарадыё) Папа быў ва Украіне. Вось такая паралель. Лукашэнка не пойдзе на такую рызыку і не будзе да такой ступені дражніць Крэмль”, — кажа эксперт.
Макей: Мы цэнім аб’ектыўную пазіцыю Ватыкана ў дачыненні Беларусі
Фота: БЕЛТА