Якія “незалежныя эксперты” вывучалі склады прадпрыемстваў?
Знайсці таямнічых экспертаў, якія дзейнічалі па загадзе прэзідэнта, у Еўрарадыё не атрымалася ні ў Акадэміі навук, ні нават у Адміністрацыі.
"Нядаўна па маім даручэнні група незалежных экспертаў, якія разбіраюцца ў эканоміцы, не з урада, не з прадпрыемстваў, вывучала сітуацыю. Мне паказалі даклад, з якога я пакуль не бачу крытычнай сітуацыі, за выключэннем пары прадпрыемстваў", — кажа Аляксандр Лукашэнка пра сітуацыю з загружанымі складамі.
Еўрарадыё вырашыла адшукаць гэтых незалежнызх экспертаў, якім давярае прэзідэнт.
Дырэктар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Пётр Нікіценка ў гэтую групу не ўваходзіць і не ведае, хто рабіў даклад. Пра сітуацыю з запасамі, кажа, усё відавочна:
"Сітуацыя вядомая. Статыстыка ўсё паказвае. Камісія створаная, вось няхай яны разбіраюцца".
Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц таксама не ўвайшоў у групу незалежных экспертаў:
"Я ў гэтым пытанні салідарны з Чалым. Калі эксперт сапраўды эксперт, то не бачыць праблемы — гэта не правільна. Значыць, ці эксперт не эксперт, ці гэта не заключэнне".
На думку Грыца, трэба займацца не збытам прадукцыі, аб'ём вытворчасці якой давялі зверху, а маркетынгам — вытворчасцю той прадукцыі, якая будзе прадавацца. Сітуацыю са складамі ён лічыць праблемнай, калі пытанне паднялося да ўзроўню кіраўніка краіны:
Георгій Грыц: "Крытычныя сітуацыя ў кандытарскай сферы. Там назапасілася больш месячнай нормы. Але, у адрозненні ад трактароў, гэта прадукцыя фізічна старэе. Праблема з алкагольнай прадукцыяй. Я не думаў, што ў абутковай ці тэкстыльнай сферах лягчэй. Хутчэй пералічыць, дзе ў нас усё добра".
Эканаміст Леанід Злотнікаў пра групу экспертаў таксама нічога не ведае. Ён складанае становішча бачыць найперш у аўтамабільнай сферы, а на замежных рынках нашых выціскаюць кітайцы:
"Можна здагадацца, што ў МАЗ’а цяжкі стан. Прычыны ў тым, што ў Расіі ўвялі ЕЎРА-4, а беларускія лагістычныя фірмы закупілі больш сучасныя грузавікі за мяжой".
Дырэктар Беларускага эканамічнага даследчыцка-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Павел Данэйка таксама не мае ніякага дачынення да таямнічай “групы незалежных экспертаў”.
"Па лічбах выглядае, што сітуацыя не крытычная, але вельмі непрыемная, — мяркуе дырэктар па даследаваннях грамадскага аб’яднання дыскусійна-аналітычнага таварыства Ліберальны клуб Яўген Прэйгерман. — Але гэта не тая сітуацыя, калі можна супакойвацца, калі з пачатку года колькасць тавараў на складах узрасла на 50%".
"Дастаткова паглядзець на справаздачы прадпрыемстваў і статыстыку росту таварных запасаў, каб прыйсці да высновы, што мае месца класічны крызіс перавытворчасці, — кажа эканаміст Леанід Заіка. — Пасылаць групы, якія будуць глядзець, колькі пар абутку — 22 ці 24 тысячы — на складзе, я думаю, сэнсу няма. Важна ацаніць агульную сітуацыю. А яна такая, што экспарт знізіўся на 17,7% за квартал".
Знайсці таямнічых экспертаў, якія дзейнічалі па загадзе прэзідэнта ў Еўрарадыё не атрымалася нават у Адміністрацыі кіраўніка краіны. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Андрэй Тур таксама не змог назваць імёны экспертаў і накіроўвае нас… ва ўрад. Ва ўрадзе адказваюць, што калі група працавала па даручэнні кіраўніка дзяржавы, значыць, фармавалася ў адміністрацыі.
Фото — charter97.org