Янукевіч пойдзе на трэці тэрмін: Не трэба паралеляў з Лукашэнкам
Рэвізійная камісія Партыі БНФ вырашыла, што цяперашні лідар партыі Аляксей Янукевіч можа вылучацца на трэці тэрмін.
Чарговы выбарны з'езд у партыі павінен адбыцца не пазней за верасень 2014 года. На папярэднім з'ездзе, які прайшоў 10 верасня 2011 года, у статут былі ўнесеныя змены. Згодна з імі, адна асоба не можа кіраваць партыяй больш за два тэрміны запар. У Партыі БНФ вырашылі, што гэтая мера не закранае ранейшыя тэрміны кіраўніцтва.
Еўрарадыё пацікавілася, ці не ўзнікае ў самога Янукевіча паралеляў з нязменнасцю кіраўніка Беларусі.
Аляксей Янукевіч: "Асноўнае адрозненне, якое робіць любыя паралелі, на маю думку, немагчымымі, гэта тое, што ў Партыі БНФ увесь выбарчы працэс ад самага пачатку і да моманту падліку галасоў па любым пытанні, у тым ліку і па выбарах старшыні, адбываецца абсалютна дэмакратычна. Я б сказаў, што мы найбольш адкрытая і дэмакратычная партыя ў сённяшняй Беларусі. Тое, што ў нас некалькі разоў адбылася змена партыйнага кіраўніцтва мінулымі гадамі, яскрава пра гэта сведчыць. І менавіта таму я думаю, што любыя паралелі тут абсалютна недарэчныя".
Янукевіч кажа, што ў Партыі БНФ шмат людзей, вартых заняць пасаду старшыні. Па яго словах, многія з іх цяпер знаходзяцца ў яго камандзе.
Фота — svaboda.org