Ярмошына: “Што рабіць! Адмоўлюся прымаць падарункі як жанчына”

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына разам з калегамі падарункі з’ядае. Сяргей Гайдукевіч у якасці дзяржчыноўніка падарункаў не прымае, але просіць прыносіць іх яму ў офіс партыі -- як лідэру ЛДПБ. Намесніку міністра эканомікі Андрэю Туру за час працы падарылі толькі мяч. Што робіць са сваімі падарункамі прэзідэнт, яго прэс-сакратар Павел Лёгкі не ведае. У сакавіку дэпутаты плануюць прыняць закон, які забароніць дзяржслужачым прымаць падарункі, кошт якіх больш за 175 тысяч рублёў. Калі менш – можна пакідаць сабе, а даражэйшыя – перадаваць у прыбытак дзяржаве. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія падарункі чыноўнікі атрымлівалі і што з імі рабілі.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына паскардзілася Еўрарадыё, што памяшкання пад музей падарункаў у іх няма. Таму, калі дораць цукеркі – іх з’ядаюць, а карціны, дываны і вазы альбо выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання Цэнтрвыбаркаму, альбо перадорваюць.

Лідзія Ярмошына: “Падарункі выкарыстоўваюцца па двух прызначэннях. Калі гэта ядомае – яго з’ядаюць, цукеркі, да прыкладу, усе разам. Калі гэта карціны, абрусы ці нейкія вырабы народных промыслаў, то яны выкарыстоўваюцца самой Цэнтральнай камісіяй. У вазы ставяцца кветкі, карціны вывешваюцца на сцены. Альбо перадорваюцца. Бо нам часцяком даводзіцца выязджаць у камандзіроўкі”.

Па яе словах, яна толькі рада будзе, калі дэпутаты прымуць такі закон: не трэба будзе думаць, дзе знайсці грошы на падарунак, і можна будзе абмежавацца кветкамі. А ад дарагіх падарункаў можна будзе лёгка адмаўляцца. Нават калі іх будуць прапаноўваць ёй не як старшыні, а як жанчыне.

Лідзія Ярмошына: “Што рабіць! Адмоўлюся прымаць як жанчына. Скажу, што тут я перш за ўсё старшыня. Вось калі мяне выправадзяць на пенсію, тады я буду жанчынай. Хаця, напэўна, тады я буду бабкай”.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур прызнаўся, што яму падарункі дораць толькі на дзень народзінаў. За ўвесь час працы ў міністэрстве толькі і падарылі, што футбольны мяч.

Андрэй Тур: “Толькі калі дзень народзінаў. Але я не лічу, што гэта падарункі дзяржслужбоўцу. Адзін раз толькі мяч нейкі падарылі. Ён стаіць у мяне ў шафе”.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч здзівіў Еўрарадыё заявай, што такім людзям, як ён, больш вядомым, чым нават які міністр ці віцэ-прэм’ер, падарункі дарыць не прынята.

Сяргей Гайдукевіч: “Я ж не міністр, не віцэ-прэм’ер – я значна больш. У Беларусі па вядомасці параўнальнага са мной дзяржчыноўніка я не ведаю. І мне, можаце верыць, можаце – не, ніхто не прапаноўваў ніякага падарунку!”

Але, як высветлілася, гэта непаразуменне тычыцца толькі Гайдукевіча-чыноўніка. Гайдукевічу – партыйнаму лідэру дораць шмат і рознага. Праўда, не ўдакладніў што.

Сяргей Гайдукевіч: “Як старшыні партыі – пытанняў няма! Падарункі я атрымліваў і дастаткова сур’ёзныя”.

І патлумачыў, як разабрацца, дзе чыноўнік, а дзе лідэр.

Сяргей Гайдукевіч: “Прыходзьце ў офіс партыйны, і я згодны прыняць падарунак як старшыня партыі. Бо там я старшыня партыі, а не дзяржчыноўнік”.

Міністру абароны Леаніду Мальцаву, па словах прэс-сакратара Вячаслава Раменчыка, зброі, як гэта не дзіўна, не дораць. У асноўным – сувеніры з ваеннай сімволікай. Іх міністр аддае ў спецыяльна створаны ў міністэрстве музей.

Вячаслаў Раменчык: “У асноўным, падчас міжнародных сустрэч, дораць сувеніры, якія сімвалізуюць краіну, з якой да нас прыехалі альбо якую мы наведваем. У асноўным гэта сувеніры з ваеннай сімволікай”.

А вось у кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі свайго музея падарункаў няма. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік яго прэс-службы Павел Лёгкі. І прызнаўся, што не ведае далейшы лёс атрыманых прэзідэнтам падарункаў.

Павел Лёгкі: “Я ніколі гэтым не цікавіўся. Уласна кажучы, ніколі такіх пытанняў, колькі я тут працую, не задавалі. Не, праўда, я не ведаю”.

Па словах прэс-сакратара, прэзідэнт таксама з’яўляецца законапаслухмяным дзяржслужбоўцам. Але каб даведацца, ці не давядзецца яму адмаўляцца ад дарагіх падарункаў, трэба будзе пракансультавацца ў юрыстаў.

Павел Лёгкі: “Прэзідэнт з’яўляецца законапаслухмяным дзяржслужбоўцам. У гэтым няма сумненняў. Але тут трэба параіцца з юрыстамі”.

І паабяцаў параіць кіраўніку дзяржавы стварыць свой музей падарункаў.

Былому старшыні Нацыянальнага банку Станіславу Багданкевічу часцей за ўсё калегі дарылі карціны, а прадстаўнікі іншых Нацыянальных банкаў – юбілейныя манеты. Карціны, кажа, вісяць зараз у яго дома, а манеты – што ў яго, што ў музеі Нацбанка. Самымі ж запамінальнымі сталі кавун ад прэзідэнта Туркменістанскага банка і каньяк – ад грузінскага.

Станіслаў Багданкевіч: “Туркменістанскі прэзідэнт банку прыслаў мне кавун вельмі салодкі. Я гэта запомніў на ўсё жыццё. Такіх кавуноў ні ва Украіне, ні ў Беларусі няма. Грузіны каньячны набор падносілі, Нацбанк Грузіі. Памятаю з Арменіі бачонак віна быў. Але ж ці гэта падарунак?! Выпілі і ўсё!”

Калі закон прымуць, дарагія падарункі чыноўнікі павінны будуць аддаваць дзяржаве. Вось толькі дэпутаты нічога не сказалі, які лёс напаткае гэтыя падарункі далей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі