Яшчэ 14 чалавек прызналі палітвязнямі
Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек. Гэта — Яўген Гормаш, Наталля Малец, Дзмітрый Сельвеструк, Дзмітрый Свічкароў, Сяргей Мазоль, Алеся Лянцэвіч, Аляксандр Коваль, Кацярына Бруханава, Наталля Шараметава, Ігар Цяпцееў, Віктар Грынько, Юрый Несцярэнка, Уладзімір Савельеў і Ігар Цікач. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.
Мазоль асуджаны па абвінавачванні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Бруханава за тое самае асуджаная да 2 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Коваль асуджаны за перасылку відэа пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу да 2 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Лянцэвіч асуджаная па абвінавачванні ў "абразе службовай асобы", Аляксандра Лукашэнкі і за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным "экстрэмісцкімі" да 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Шараметава асуджаная па абвінавачванні ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх", "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Цяпцееў, Грынько, Несцярэнка, Савельеў і Цікач асуджаныя да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванні ў "хуліганстве групай асоб", "абразе А. Лукашэнкі", каментаванні ў інтэрнэце, "фінансаванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" — за вывешванне беларускага нацыянальнага і ўкраінскага сцягоў.
Гормаш, Малец, Сельвеструк і Свічкароў змешчаны пад варту — за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным у РБ "экстрэмісцкімі". Яўгена Гормаша таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах, "абразе Лукашэнкі", "уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання".
У Беларусі колькасць палітвязняў складае амаль паўтары тысячы чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.