Юлію Скрыпаль выпісалі з бальніцы і вывезлі ў бяспечнае месца
33-гадовую Юлію Скрыпаль выпісалі з бальніцы і вывезлі ў бяспечнае месца. Пра гэта паведамляе “Бі-Бі-Сі”. Дачка былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля была атручана разам з бацькам нервова-паралітычным рэчывам у брытанскім горадзе Солсберы. Юлія прыйшла ў свядомасць і пачала размаўляць 27 сакавіка. Сяргей Скрыпаль застаецца ў бальніцы, але яго стан паляпшаецца.
Скрыпалі былі атручаныя 4 сакавіка. Брытанскія ўлады высветлілі, што было выкарыстанае баявое нервова-паралітычнае рэчыва класа “Навічок” і за гэтай акцыя найхутчэй стаіць Расія. Масква сваё дачыненне да атручвання катэгарычна адмаўляе. Адбылася люстэркавая высылка дыпламатаў. Вялікабрытанію ў канфлікце падтрымалі дзясяткі краін, у тым ліку і ЗША.