Юрый Караеў: людзі пратэстуюць не супраць кіраўніцтва краіны

Юрый Караеў: людзі пратэстуюць не супраць кіраўніцтва краіны

Памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці, экс-міністр унутраных спраў Юрый Караеў даў вялікае інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.

Караеў заявіў, што пратэсты ў рэгіёне скіраваныя не супраць кіраўніцтва дзяржавы, а супраць несправядлівасці на месцах. "Дзесьці правільна кажуць, што ў дадзеным выпадку, у такім-то і такім-то прадпрыемстве людзі, напрыклад, пратэстуюць не супраць кіраўніцтва рэспублікі, а з-за несправядлівых да іх адносінаў на гэтым прадпрыемстве. І калі кіраўнік ліквідуе гэта (або калі не ліквідуе, то ліквідуюць кіраўніка), то, у прынцыпе, нічога і не будзе", — апісвае ён сваё бачанне сітуацыі.

Маўляў, кепскія дырэктары псуюць імідж дзяржаўнай улады. 

Паслявыбарныя пратэсты Караеў тлумачыць выключна дзейнасцю Telegram-каналаў. Пры гэтым экс-міністр незнарок або наўмысна забывае, што найбольш гарачыя сутычкі адбываіся 9-12 жніўня, калі ўвесь інтэрнэт у Беларусі быў адключаны. 

"Тая эйфарыя або адурманенасць дэструктыўнымі Telegram-каналамі паволі праходзіць. Людзі разбіраюцца ўсё больш у тым, дзе лілі няпраўду на нашу сітуацыю, дзе проста чорным колерам нас фарбавалі, бо ў нас выдатная краіна, бяспечная, сытая і спакойная. Не бачыць гэтага можа толькі сляпы", — заяўляе чыноўнік.

Па яго словах, пратэсты ўзніклі, бо людзі захацелі відовішчаў: "Народу хочацца, мабыць, не толькі хлеба, але і відовішчаў. Гэтыя людзі, якіх каранавірус пазбавіў нейкіх іншых відовішчаў, яны не згодныя, з чым — сфармуляваць не могуць. Яны ёсць, і яшчэ нейкі час будуць. Будуць хадзіць, блукаць. Такое ўражанне, што яны вельмі хочуць атрымаць гэтыя штрафы, суткі арышту"

Між тым усе патрабаванні пратэстоўцаў даўно агучаныя і не раз паўтораныя: адправіць у адстаўку Аляксандра Лукашэнку, правесці новыя сумленныя выбары, спыніць гвалт на вуліцах.

На пытанне пра гібель Рамана Бандарэнкі экс-міністр адказаў так: "Я думаю, пра гэты выпадак ужо шмат расказана, і адзіна годнае рэагаванне — менш шуму вакол гэтага, не рабіць на гэтым ніякім бакам ніякіх спекуляцый. Галоўным тут з'яўляецца спачын душы чалавека. Нейкі бок цяпер вакол гэтага праяўляць і зноў раздзімаць іскры не варта нікому".

Дарэчы, падобным жа чынам Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў "перагарнуць гэтую старонку", калі ў яго пыталіся пра адвольныя затрыманні расійскіх журналістаў. 

На новай пасадзе Караеў працуе крыху больш за месяц — дагэтуль служыў у сілавых структурах. Тым не менш ён ужо лічыць сябе эканамістам, хоць і не вельмі моцным: "Эканаміст я пакуль яшчэ сярэдні, калі не сказаць менш"

А сваю дзейнасць апісвае так: "Я хаджу па вуліцах горада і карыстаюся сваім правам інспектара. Вывернутыя бардзюры — тэлефаную кіраўніку адміністрацыі, іду з працы — яны ўжо папраўленыя. Можа быць, не пашанцавала трошкі Цэнтральнаму раёну Гродна са мной, таму што хаджу пешшу, гляджу. Вісіць дрот на слупе — тэлефаную зноў кіраўніку адміністрацыі, іду з абеду — яго ўжо ў кабель-канал да гэтага слупа працоўны прыладжвае. Самае цікавае, калі я праходзіў міма, працоўны пазнаў мяне. Я кажу яму "дзякуй", а ён кажа: «Калі ласка, ужо зроблена". Як быццам далажыў. Гэта звычайны рабочы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі