З 1 ліпеня на СМІ ў Беларусі павінен стаяць знак узроставай катэгорыі

З 1 ліпеня на СМІ ў Беларусі павінен стаяць знак узроставай катэгорыі

З 1 ліпеня ў Беларусі забараняецца распаўсюд прадукцыі СМІ без знака узроставай катэгорыі. Пра гэта паведамляе Міністэрства інфармацыі на сваім сайце. Гэтаму прысвячалася пасяджэнне грамадска-кансультацыйнай (экспертнай) рады па развіцці прадпрымальніцтва, якое прайшло 27 чэрвеня.

З гэтага дня ў нашай краіне набываюць моц папраўкі ў законы "Аб сродках масавай інфармацыі" і "Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь". Гэтыя папраўкі датычаць абароны дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю.

Бе знака ўзроставай катэгорыі, згодна з законам, можна распаўсюджваць наступную прадукцыю СМІ: тэле- і радыёперадачы, якія ідуць у жывым эфіры; тэле- і радыёперадачы інфармацыйна-аналітычнага, інфармацыйнага, культурна-асветнага, спартовага і духоўна-асветніцкага характару; замежныя тэле- і радыёпраграмы, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі без змены формы або зместу; друкаваныя СМІ, якія спецыялізуюцца на распаўсюдзе інфармацыі агульнапалітычнага, навуковага, нарматыўнага вытворча-практычнага, масава-палітычнага, афіцыйнага, духоўна-асветнага, даведачнага, культурна-асветнага, рэфератыўная і статыстычнага характару; інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, якiя распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.

Сярод друкаваных выданняў без узроставага знака могуць выходзіць: ведамасныя друкаваныя выданні; друкаваныя выданні, якія маюць значную гістарычную, мастацкую i (або) iншую каштоўнасць для грамадства; друкаваныя выданні афіцыйнага, навуковага, вытворча-практычнага, масава-палітычнага, інфармацыйнага, духоўна-асветніцкага і рэкламнага характару, а таксама навучальныя выданні, афіцыйна зацверджаныя або дапушчаныя ў якасці адпаведнага віду навучальнага выдання Міністэрствам адукацыі.

Акрамя таго, не падлягаюць маркіроўцы друкаваныя СМІ і друкаваныя выданні, выпушчаныя ў свет да 1 ліпеня 2017 года.

Знакі могуць быць наступных відаў: "0+" — без узроставых абмежаванняў (універсальная); "6+" — прызначана для асоб, якія дасягнулі 6 гадоў; "12+" — прызначана для асоб, якія дасягнулі 12 гадоў; "16+" — прызначана для асоб, якія дасягнулі 16 гадоў; "18+" — прызначана для асоб, якія дасягнулі 18 гадоў. Парадак надання знака ўзроставай катэгорыі і крытэрыі вызначэння ўзроставай катэгорыі вызначаюцца пастановай Савета Міністраў ад 25 кастрычніка 2016 года №871. 

Для сайтаў у інтэрнэце прадугледжаны добраахвотны парадак маркіроўкі. І хаця гэта толькі права, а не абавязак, Мінінфармацыі заахвочвае ўаладальнікаў сайтаў да такога кроку: "Мяркуем, што добрасумленныя ўладальнікі інфармацыйных рэсурсаў самі мусяць быць зацікаўленыя ў агароджванні дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі