"З цяперашнімі рэсурсамі мы можам весці толькі партызанскую вайну"
Фота з сацыяльных сетак
Падвесці вынікі 2017-га года ў беларускім кінематографе мы запрасілі прадзюсара Леаніда Каліценю і рэжысёра фільма "Граф у апельсінах" Уладу Сянькову. Яны настроены аптымістычна: на працягу бліжэйшых двух гадоў пра беларускае некамерцыйнае кіно будуць ведаць ва ўсім свеце і да гэтага ёсць усе перадумовы. Пра "камерцыйнае" таксама — калі Мінкульт і "Беларусьфільм" пачнуць супрацоўнічаць з незалежнымі прадзюсарамі і рэжысёрамі.
Поўная відэаверсія размовы:
Цікавыя цытаты:
Леанід Каліценя:
"У жніўні 44-га" краем вока нехта недзе бачыў. Тое, што зроблена ў апошнія гады ў беларускім кіно, ніхто не бачыў. А трэба, каб усе пра гэта ведалі. Гэта вельмі вялікі аб'ём працы, але гэта ўсё рэальна ажыццявіць. Год-два прыстойных высілкаў, і мы гэта зробім. Цяпер праца за маркетолагамі.
Калі ўзяць беларускія фільмы, знятыя ў гэтым годзе (я зараз не чапаю "Беларусьфільм"), яны ўсе не выйдуць за бюджэт у паўмільёна долараў. Тым часам на прамоўшн якіх-небудзь "Зорных войнаў" выдаткавана некалькі мільёнаў. Натуральна, пры такіх рэсурсах мы можам весці толькі партызанскую вайну: недзе робім паказы, недзе фестывалі. Усімі сіламі прасоўваем сваё кіно. Але часам памер мае значэнне. Шэсць нулёў — гэта бюджэты сярэдняга кіно на прасоўванне. Мы на гэта трацім 100, 200, 300 долараў.
Апошні твор "Беларусьфільма" пад назвай "Сляды на вадзе" заліты ў youtube, гэта значыць мы самая багатая краіна ў свеце. Мы можам дазволіць сабе зняць фільм за мільён долараў і не прадаць яго на тэлеканал, а заліць у youtube!
Зараз ніхто кішэннае кіно не робіць. Напрамую ад Мінкульта ўжо даўно не здымаюць. Трэба рабіць асобную інстытуцыю, якая працуе самастойна, час ад часу размаўляючы з міністэрствам. А тое, што цяпер робіцца — гэта спроба разагнаць паравоз да хуткасці 1000 км/г. Ён кожны раз выбухае, а мы дзівімся.
У Заходняй Еўропе ляжыць 200 мільёнаў, да якіх вы можаце мець доступ. Вылучылі 200 тысяч з Мінкульта ў якасці авансу, і адпусціце прадзюсараў працаваць. Мы можам падвоіць-патроіць вытворчасць кіно і вельмі моцна павялічыць яго якасць, калі ў нас з'явіцца гарантыйны сертыфікат ад Мінкульта. У Заходняй Еўропе гэта так працуе.
Я не хачу спаборнічаць з міністрам культуры словамі. Давайце мерацца праектамі! Праект "Сіла матылькоў" коштам у тры працэнты ад бюджэту "Беларусьфільма" паказаны ў Ізраілі, Нью-Ёрку, Кіеве, Маскве і адабраны ў каталог еўрапейскага кіно "Clermont-Ferrand". Гэта значыць, адзін таленавіты рэжысёр, адзін аператар, добрая ідэя і больш-менш пісьменны прамоўшн даюць фільму адразу жыццё. А фільм за мільён долараў прыходзіцца заліць у youtube, таму што ён не набыты ні адным каналам.
Будзе "Беларусьфільм" рабіць добрыя фільмы, якія будуць купляцца каналамі іншых краін, і беларускае кіно будуць ведаць ва Украіне, Літве і г.д. — выдатна! Не будзе рабіць "Беларусьфільм" — буду рабіць я!
Улада Сянькова:
У мяне багаты вопыт зносін з прадстаўнікамі рэгіянальных кінавідэапракатаў. Што там круцяць? Якія-небудзь "Восем спатканняў", "Бэтмэн" і г.д. Там нават "Маладосць" Сарэнціна не паказвалі! І зразумела, што, калі ты гадамі бачыш у сваім пракаце "Бэтмэна", ты ніколі не пойдзеш на "Маладосць", калі сам дома не капаеш торэнты.
Павінен быць мастацкі савет, які складаецца з людзей, якія маюць дачыненне да прафесіі, а не проста нейкія чыноўнікі, якіх паставілі і якім давялося палюбіць кіно.
Дзяржаве абавязкова трэба перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да кінематаграфістаў і ўступіць у калабарацыю хоць бы з Заходняй Еўропай. Еўропа хоча. І яна гатовая. І яна ўжо нават прыязджала. Не трэба баяцца, ніякай палітыкі там няма. Яны проста гатовыя ўкладвацца ў нашу культуру і ў наша кіно. Проста прыйдзіце, калі ласка, да іх на сустрэчу, адчыніце ім дзверы.
Згодна з новым указам аб кінематаграфіі, фінансаванне будзе адбывацца праз "Беларусьфільм". Вядома, збольшага гэта азначае смерць незалежнаму кіно і незалежным прадзюсарам. Таму што, усё-ткі, "Беларусьфільм" факусуюць на тым, каб грошы адпрацоўваліся, а гэта значыць, што аўтарскае кіно — справа адносная. Але калі мы гаворым пра кіно, калі мы хочам павысіць яго мастацкую каштоўнасць, вельмі важна, каб розныя людзі і кампаніі маглі ім займацца.
Я не супраць зняць камерцыйнае кіно, уяўляю, якое гэта будзе кіно. Але, не, мне не патрэбныя кіраўнікі, якія будуць казаць, як мне яго рабіць. Калі шчыра, вы састарэлі, мы — не. Таму давайце супрацоўнічаць. Мы ведаем, як зрабіць кіно. Нам патрэбна ваша дапамога, і ўсё будзе здорава.