З гэтага навучальнага года школьнікаў у сталоўках будуць карміць па-новаму

Школьны абед / TUT.BY
Школьны абед / TUT.BY

Ва ўрадзе засталіся задаволеныя эксперыментам па арганізацыі школьнага харчавання. У 23 школах краіны дзяцей сёлета кармілі па-іншаму. З новага навучальнага года гэтая сістэма будзе распаўсюджаная на ўсе школы. "Станоўчыя вынікі праекта будуць укарэненыя ва ўсіх школах з новага навучальнага года", — заявіў у сераду намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на сумесным паседжанні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Яго словы прыводзіць БЕЛТА. Агенцтва не дае падрабязнасцяў, але раней дзяржСМІ пісалі, што гаворка ідзе пра адмову ад сняданкаў на карысць абедаў.

Тэму школьнага харчавання ў мінулым лістападзе падняў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ён звярнуў увагу і на колькасць адходаў і на тое, што дзецям "нярэдка прапануюцца загадзя нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы". У выніку школьнікі іх проста не ядуць. Чыноўнікі тады дапусцілі, што дзеці не ядуць у тым ліку таму, што снедаюць дома і не паспяваюць прагаладацца. У якасці эксперыменту ў шэрагу школ адмовіліся ад сняданкаў і пачалі карміць дзяцей пазней, але абедамі.

Пра сняданкі і абеды Петрышэнка не казаў, але асобна адзначыў, што перагледзелі меню. Паводле яго слоў, "школьныя стравы сталі больш разнастайнымі, смачнымі для дзяцей". А харчовыя адходы ў школьных сталоўках, дзе праводзіўся эксперымент, знізіліся з 50-60% да 10-20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі