З расійскіх бананаў мыту і падаткі беларусам даводзіцца плаціць двойчы!

Паводле звестак Еўрарадыё, 90% бананаў, што трапляюць у Беларусь з Расіі – гэта “шэры” імпарт.Чаму беларусы легальна амаль не ўвозяць бананы з расійскіх портаў, дзе яны каштуюць значна танней, чым у Еўропе? На думку прадстаўніка адной з фірмаў, што займаецца аптовымі закупамі садавіны за мяжой і ўвозам яе ў Беларусь, гэтаму перашкаджае сістэма двайнога падаткаабкладання, што склалася ў практыцы расійскай мытні:

Імпарцёр садавіны: “Калі ў Еўропе карабель заходзіць у порт, ён растаможваецца як пад Еўрасаюз, так і на экспарт. Тое, што ідзе ў абыход Еўрасаюза – ва Ўкраіну і ў іншыя краіны Ўсходняй Еўропы – кладзецца на транзітныя сховішчы без растаможкі. А ў Расіі сістэма іншая. У Расіі ўвесь карабель растаможваецца цалкам, на 100%.

Тавар растаможваецца, і каб яго ўвезці ў Беларусь, трэба “чысціць” яго другі раз. Бо гэта тавар трэціх краінаў. Двайная мытная пошліна плаціцца, і двойчы плаціцца падатак на даданую вартасць (ПДВ)”.

Бананы можна было б набываць проста на караблі, што вязе іх, напрыклад, з Эквадору. “Бананавоз”, што змяшчае бананавых скрыняў на 100 – 200 фур, заходзіць у расійскі порт 1-2 разы на тыдзень. Чаму беларускія імпарцёры не карыстаюцца такой магчымасцю? Тлумачыць эканаміст Леанід Заіка:

Леанід Заіка: “Каб былі таннейшыя бананы, апельсіны і іншыя яблыкі, трэба, каб працавалі буйныя аптовыя кампаніі. А іх няма, яны так і не ўзніклі падчас эвалюцыі беларускіх рыначных адносінаў”.

Адсутнасцю буйных аптавікоў карыстаюцца “шэрыя” імпарцёры. Яны набываюць танныя бананы на кірмашах у Санкт-Пецярбурзе і ў Маскве, а пасля вязуць іх у Беларусь фургонамі, у абыход мытні. Бананы ў Расіі значна таннейшыя таму, што мытныя індыкатывы ў разы ніжэйшыя за беларускія. Але не толькі. Працягвае наш эксперт па імпарце садавіны:

Імпарцёр садавіны: “У Расіі працуе шмат грэчаскіх і турэцкіх кампаній, якія вязуць садавіну эшалонамі, машына за машынай, і прадаюць па кірмашу. Калі гандаль добры – ў іх усё ў шакаладзе.

Масква вельмі шмат есць, але час ад часу спыняецца, і атрымліваецца гармідар з машынаў. На такім тавары, як бананы і персікі, якія хутка псуюцца, дэмпінгуюць. Шмат каму выгадна там набыць гэта тавар, прывезці сюды “ўшэрую”. Іх кошты атрымліваюцца нашмат меншыя, чым у нас”.

Дла пакупнікоў кошты на “шэрыя” бананы такія ж, як і ў афіцыйных аптавікоў, бо іначай іх лёгка было б адрозніць. Але прыбыткі нелегальных імпарцёраў нашмат большыя! Распавялае старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПіР) Уладзімір Карагін:

Уладзімір Карагін: “Рэнтабельнасць аперацый па імпарце з Расійскай Федэрацыі бананаў і цытрусавых без мытных пошлінаў і ПДВ (падатка на дададзеную вартасць) ў 3-4 разы можа перавышаць рэнтабельнасць пры законным увозе”.

Атрымліваецца замкнёнае кола. Чым большыя прыбыткі ў “шэрых” імпарцёраў – тым складаней працаваць афіцыйным аптавікам. Чым складаней ім працаваць – тым большыя ў іх кошты. Чым большыя ў іх кошты – тым большыя кошты і прыбыткі ў “шэрых” імпарцёраў. Чым большыя прыбыткі ў “шэрых” імпарцёраў...

Калі нічога не зменіцца, кола будзе круціцца, пакуль афіцыйны імпарт бананаў, з аднаго боку абмежаваны двайным падаткаабкладаннем, а з іншага – высокімі мытнымі індыкатывамі і ПДВ, не “ляжа” канчаткова. І тады магчымыя два варыянты.

Першы: каб працягваць гандаль бананамі пры адсутнасці афіцыйных аптавікоў, “шэрым” імпарцёрам давядзецца легалізавацца. Тады кола заверціцца наноў, але ўчорашнія патаемныя міліянеры, абкладзеныя пошлінай і падаткамі, ператворацца ў ахвяраў наступных нелегалаў.

Другі: бананаў у Беларусі папросту не будзе. Бананы пераўтворацца ў дэфіцыт, якім будуць гандляваць з-пад прылаўка.

Каб абмежаваць шэры імпарт, МССПіР прапануе мытні абавязаць імпарцёраў ляпіць на скрыні з бананамі кантрольна-ідэнтыфікацыйныя маркі – накшталт акцызаў, як зараз лепяцца на імпартныя цыгарэты ды алкаголь. Працягвае Ўладзімір Карагін:

Уладзімір Карагін: “На нашую думку, гэта дазволіць хутка даведацца, ці легальны трапіў тавар на рынак, і падвысіць рызыкі нелегальных імпарцёраў”.

Але ці вырашыць праблему марка за 60 рублёў, якую лёгка, напрыклад, пераклеіць са скрыні на скрыню? Сумнеўна.

Фота для калажу: www.ellf.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі