За 2 гады кошт размеркавання вырас у два разы

Два гады таму размеркаванне каштавала 17 мільёнаў, а цяпер — каля 40. Вучыцца платна атрымліваецца танней, чым вяртаць потым грошы за тое, што адмовіўся ад размеркавання Размеркаваныя на два гады маладыя спецыялісты пачынаюць працаваць якраз цяпер, у жніўні. Тыя з іх, каму не пашанцавала працаваць у жаданым месцы, застацца ў сталіцы ці атрымаць вольны дыплом, будуць здзіўленыя новымі коштамі свайго навучання.

Так, напрыклад, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта выстаўляе сваім “непаслухмяным” выпускнікам рахунак у 34 мільёны беларускіх рублёў. Гэта значыць, што столькі каштавала іх навучанне за 5 гадоў.

Паглядзім, колькі каштуе яно цяпер. У гэтым годзе каб вучыцца на платным аддзяленні ФПМІ, трэба плаціць 3 млн 813 тыс. 900 рублёў за год. Калі памножыць гэты кошт на 5 гадоў навучання, атрымаем крыху больш за 19 мільёнаў рублёў. Улічым, што кошты за пяць гадоў падвысяць. Але ўсё роўна сума выглядае меньшай за 34 мільёны, якія трэба вяртаць бюджэтніку ўжо сёння.

БДУ: “На сённяшні дзень па разліку сума, якую трэба вяртаць, каля 40 мільёнаў”.

Еўрарадыё: Але два гады таму было 17!

БДУ:
“Дык два гады таму выпускнікі якога год былі?! Там зусім іншы разлік!”

Еўрарадыё: Неяк гэта дзіўна, што настолькі больш за платнае навучанне.

БДУ:
“Я з вамі згодная, але давайце не будзем выражаць сваё меркаванне, а проста вывучыце пастанову”.

Вядома, што калі малады спецыяліст вяртае грошы, то ён вяртае ўсе стыпендыі, аплату за інтэрнат і г.д. Але у Пастанове Саўміну аб вяртанні грошай, якія затрачаны на падрытоўку маладога спецыяліста, ёсць парадак разліку. І згодна з ім студэнт аплочвае нават канцэлярскія тавары, мяккі інвентар, працу пазаштатных супрацоўнікаў, камунальныя паслугі. Поўны спіс можна паглядзець у дадатку 2 Пастановы.

Колькі плаціць студэнт гэтых бягучых выдаткаў, Еўрарадыё запыталася ў спецыяліста планавага аддзела Беларускага нацыянальнага тэнічнага універсітэта.

БНТУ: “Ну, гэта не капейкі, але і няшмат. Калі супаставіць са стыпендыяй, то гэта прыкладна як дзве стыпендыі студэнцкія. Увогуле стыпендыя грае вялікую ролю. Бо платнікі яе не атрымоўваюць, і груба плоцяць кошт. А тут у каго якая стыпендыя — трэба вяртаць. Вось напрыклад цяпер кошт 3,5 мільёны ў нас платнае, калі гэта памножыць на 5, будзе 17,5 мільёнаў. І стыпендыя яшчэ мільёнаў на 8”.

Намеснік дэкана аднаго са сталічных універсітэтаў паведаміў Еўрарадыё, што нягледзячы на тое, што ў заканадаўстве неяк прапісаны парадак налічэння грошай, яны налічваюцца літаральна “з галавы”.

“Ва ўсіх ВНУ — я ўжо сутыкнуўся з гэтай сітуацыяй — плата налічваецца па прынцыпе “трох П”! Ведаеце такі прынцып? “Пол, потолок, палец”(падлога, столь, палец)! Што захацеў, тое і намаляваў! Думаю, таму што нашыя эканамісты, якія выраслі ў Савецкім Саюзе, разважаюць як у Савецкім Саюзе: не пускаць, не дазваляць, не даваць, а калі ўжо “садраць” — дык па поўнай праграме!”

Сума, якую налічваюць вяртаць маладым спецыялістам, заўсёды розная. У выніку атрымліваецца, што выдатнікі, якія атрымлівалі павышаную стыпендыю, вінныя дзяржаве больш.

Калі падлічыць, што на працягу пяці гадоў студэнт атрымліваў стыпендыю памерам 40 долараў, то агульная сума, якую яму выплацілі, будзе 2 400 долараў. З інтэрнатам больш складана. Студэнты плацяць за яго, але грошы гэта невялікія. Універсітэт прымушае іх як бы даплочваць за інтэрнат грошы, якія даплочваў ён.   

У планавым аддзеле БНТУ нам паведамілі, што кожны год недзе 10 выпускнікоў прыходзяць да іх, каб дабравольна аддаць грошы за навучанне.

БНТУ: “Такіх студэнтаў у нас, можа, дзесятак. Яны прыходзяць адразу, летам, самі хочуць аплаціць, каб іх не размяркоўвалі. Кажуць, налічыце нам, бо мы не паедзем”.

Пастанова Савета міністраў аб вяртанні грошай за навучанне

Фота — www.rucompany.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі