За год 30 буйных прадпрыемстваў звольнілі больш за 17 тысяч працаўнікоў
Міністэрства фінансаў апублікавала на сваім сайце справаздачу за ІІ квартал бягучага года па дзейнасці адкрытых акцыянерных таварыстваў. Паводле яе 30 буйных наймальнікаў звольнілі больш за 17 тысяч працаўнікоў.
Больш за усіх скарачалі ў ААТ “МАЗ” — 2300 чалавек, ААТ “МТЗ” — 1756, ААТ “БелАЗ” — 1195, ААТ “Гомсельмаш” — 1073.
Значныя скарачэнні адбыліся таксама на найбуйнейшых прадпрыемствах калійнай, нафтахімічнай і будаўнічай галін. Так, у ААТ “Беларуськалій” за год скарацілі 1187 чалавек, ААТ “Нафтан” — 1141, ААТ “Белшына” — 1434, ААТ “МАПІД” — 847.
Як тлумачаць эксперты, прадпрыемствы вымушаны скарачаць персанал з-за неспрыяльнай сітуацыі на знешніх рынках.
“Калі раней, пры больш ці менш добрай кан’юнктуры на знешніх рынках, калі збыт быў больш ці менш забяспечаны, прадпрыемствы з сацыяльных меркаванняў маглі трымаць лішнюю частку працоўнай сілы, то цяпер сітуацыя настолькі пагоршылася, што прадпрыемствы ўжо не могуць цягнуць гэты баласт, таму пачалі яго расчыстку”, — адзначаў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец агенцтву БелаПАН.
Фота: agroday.ru