За месяц на платных дарогах зафіксавалі 110 тысяч парушэнняў

Сістэма платных дарог Beltoll працуе ў Беларусі ўжо другі месяц. Як даведалася Еўрарадыё, толькі за першы дзень працы было каля 7 тысяч парушэнняў. За ўвесь час сістэма зафіксавала каля 110 тысяч парушэнняў.

Буйныя штрафы атрымалі і беларусы, і замежнікі. Эксперты адзначаюць, што прычына ў дрэнным інфармаванні людзей.

За што часцей за ўсё штрафуюць кіроўцаў і як пазбегнуць праблем, Еўрарадыё расказвае намеснік начальніка ўпраўлення кантролю на платных дарогах Транспартнай інспекцыі Аляксандр Якшэвіч.

Еўрарадыё: Каго часцей за ўсё штрафуюць — замежнікаў ці беларусаў?

Аляксандр Якшэвіч: У базе каля 110 тысяч парушэнняў. З іх 45 тысяч беларускіх і 65 тысяч парушэнняў замежнікаў.

Еўрарадыё: Як шмат парушэнняў можа быць у аднаго чалавека?

Аляксандр Якшэвіч: Адзін чалавек можа мець некалькі парушэнняў. Бывае, што людзей штрафуюць на тысячу еўра, дзве тысячы еўра. Рэкорд у нас быў 4700 еўра. Замежнікі ўвозяць сюды часова аўтамабілі. Ездзяць тут без праблем. Але раз у 3 месяцы ім трэба выехаць за мяжу, і там іх чакаюць непрыемныя навіны. Быў выпадак, калі чалавек ездзіў пад рамкамі штодня і не ведаў, што павінен плаціць. Машына аформлена на арганізацыю. Ён наездзіў 4700 еўра, і калі выставілі штраф, проста выйшаў з машыны і сказаў: добра, калі арганізацыі гэтая машына патрэбна, то хай выкупляе. Цяпер аўто стаіць на штрафстаянцы.

Еўрарадыё: Якія памеры штрафаў?

Аляксандр Якшэвіч: Гэта не зусім правільна называць штрафам. Чалавек мусіў аплаціць за дарогу ў вызначаным парадку, але не заплаціў. І яму выстаўляюць плату ў павялічаным памеры. Для легкавікоў — гэта 100 еўра, для грузавых — 260 за адно парушэнне.

Ёсць яшчэ сітуацыя, калі аплата ажыццяўляецца, але не ў поўным памеры. Напрыклад, калі ў грузавой машыны няправільна выстаўлена колькасць восяў. Ці пераблытаны прылады для некалькіх аўтамабіляў. У гэтым выпадку выстаўляецца няпоўная аплата ў павялічаным памеры. Для грузавых — 130 еўра, для легкавых — 50 еўра.

Еўрарадыё: Ці штрафуюць за кожны праезд пад рамкай?

Аляксандр Якшэвіч: Не. Рамка групуе парушэнні за 2 гадзіны. Чалавек праязджае без аплаты пад першай рамкай, і ў яго фіксуецца парушэнне. З гэтага моманту сістэма адлічвае 2 гадзіны. Калі за гэтыя 2 гадзіны ён паспеў праехаць яшчэ пад некалькімі рамкамі, то парушэнні не сумуюць, а лічаць як адно. Калі ехаць хутка, то можна праехаць некалькі рамак за 2 гадзіны. Па заканчэнні 2 гадзінаў парушэнне закрываецца і выстаўляецца плата ў павялічаным памеры.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ездзіць без прылады вельмі нявыгадна?

Аляксандр Якшэвіч: Калі ўзяць двухвосевы грузавік і адлегласць 300 кіламетраў, праезд каштаваў бы 24 еўра. Такую адлегласць ён наўрад ці праедзе за 2 гадзіны, а значыць, атрымае 2 штрафы па 260 еўра, у суме — 520 еўра.

Еўрарадыё: Чаму ж тады так шмат парушэнняў?

Аляксандр Якшэвіч: Усе спасылаюцца на недахоп паняційнай інфармацыі на мяжы, адсутнасць зразумелых знакаў на дарозе. Замежнікі не ведаюць часта, што ў Беларусі такая сістэма і што яны павінны купляць бартавыя прылады. Яны едуць сабе спакойна ў Мінск з Каменнага Лога, а потым трапляюць у непрыемную сітуацыю. На дарогах, вядома, знакі ёсць, але мы лічым, што гэтага недастаткова.

Еўрарадыё: А што вы плануеце з гэтым рабіць?

Аляксандр Якшэвіч: Рэч у тым, што, згодна з заканадаўствам, за знакі адказвае Мінтранспарту сумесна з "Капш Тэлематык Сэрвісіз" — аператарам сістэмы. На кожнай нарадзе мы ўздымаем пытанне наконт інфармавання. Вось нядаўна мне сказалі: не хвалюйцеся, мы паставім яшчэ 6 бігбордаў. Але, зыходзячы з карцінкі гэтых бігбордаў, не зусім зразумела, чаму замежнікам трэба плаціць.

Еўрарадыё: Я бачыў некаторыя з гэтых бігбордаў, і там у прынцыпе не зразумела, хто і дзе павінен плаціць. На іх проста заклік да таго, што за дарогі трэба плаціць. Але з гэтым ніхто і не спрачаецца.

Аляксандр Якшэвіч: Бігборд — гэта ж не знак, і ён выглядае як рэклама. З яго не зусім зразумела, хто павінен плаціць і як. Гэта пытанне даволі сур'ёзнае. Але аператар запэўнівае, што праз МЗС паведаміў суседнім краінам, а яны мусілі данесці гэтую інфармацыю сваім грамадзянам праз СМІ.

Еўрарадыё: Колькі чалавек аплацілі штрафы?

Аляксандр Якшэвіч: З 45 тысяч беларусаў каля 300 штрафаў аплачана, сітуацыя ўскладняецца тым, што з моманту выстаўлення штрафу ва ўсіх ёсць 15 дзён на падачу прэтэнзій аператару. Усе падаюць у надзеі, што іх штраф адменяць.

Еўрарадыё: Мала хто хоча плаціць нават 100, а часам тысячу еўра. А замежнікі колькі аплацілі штрафаў?

Аляксандр Якшэвіч: Па замежніках каля 11 тысяч парушэнняў закрытыя. У іх таксама ёсць 30 дзён на аплату, але праз тое, што аўтамабіль на замежных нумарах, ён блакуецца.

Еўрарадыё: Выехаць за мяжу аўтамабіль не можа, пакуль не аплаціць?

Аляксандр Якшэвіч: Так. Атрымліваецца, што ён не можа перасячы мяжу, пакуль не аплаціць штраф. Па карце перасячэння мяжы трэба зайсці ў транспартную інспекцыю. Там аўтамабіль правяраюць. Але яны плацяць, пішуць прэтэнзію, і бывалі выпадкі, калі грошы вярталі, бо была памылка сістэмы.

Еўрарадыё: Калі былі звароты?

Аляксандр Якшэвіч: У першыя дні працы сістэмы быў вал парушэнняў. І, напэўна, сістэма крыху падтармажвала падчас перадачы дадзеных. Чалавек праязджаў пад рамкай, яна яго фатаграфавала і чакала аплаты, але аплата адбывалася з затрымкай. Аўтамабіль трапляў у парушальнікі, і праз нейкі час адбывалася спісанне сродкаў з рахунку. У такіх выпадках яны нам дасылалі спісы, і мы згодна з імі вярталі грошы ці закрывалі парушэнне. Працы нам, натуральна, падкінулі не мала.

Еўрарадыё: Якія яшчэ бывалі памылкі сістэмы?

Аляксандр Якшэвіч: Аператары "Капша" ці аператары на пунктах выдачы могуць памыляцца. Занесці не тую літару або лічбу. Ехаў аўтобус на нямецкіх нумарах. Там была нямецкая літара ü. Аператар не знайшоў яе і занёс проста u. Самі разумееце, чым гэта скончылася.

Еўрарадыё: Якія найбольш распаўсюджаныя парушэнні і як іх пазбегнуць?

Аляксандр Якшэвіч: Апошнім часам стала шмат парушэнняў сярод замежнікаў на легкавых аўтамабілях. Гэтыя машыны былі завезены да ўводу сістэмы. Людзі не звярнулі ўвагу, і зараз, калі заканчваецца часовы ўвоз, яны перасякаюць мяжу, а ў іх назбіралася шмат парушэнняў. Асноўная праблема, што, уязджаючы ў Беларусь, яны не купляюць бартавыя прылады, напэўна, таму што не ведаюць, што павінны плаціць.

Сярод замежнікаў у асноўным ідуць парушальнікі, у якіх атэрмальнае металізаванае лабавое шкло. Гэта легкавікі збольшага французскай вытворчасці. Падчас уезду яны набываюць бартавую прыладу і кладуць грошы на рахунак. Але іх лабавое шкло не дазваляе ажыццявіць счытванне і спісанне грошай.

Высветлілася, што ва ўсіх такіх машынах ёсць пэўныя акенцы, куды трэба ляпіць прыладу. На шкле, на жаль, нічога не намалявана. Днямі разбіраліся з аўтамабілем вельмі новым Opel Insignia, і ў яго ёсць два акенцы такія.

Літаральна на днях прыязджаў яшчэ чалавек на Peugeot з аналагічнай сітуацыяй. Я шукаў яму інструкцыю, знайшоў. Людзей чамусьці адпраўляюць сюды, хоць мы тут можам толькі прыняць аплату штрафу. Але мы намагаемся разабрацца, чаму так адбываецца.

У такіх машынах звычайна дрэнна працуюць навігатары і радар-дэтэктары. Шкло дрэнна прапускае радыёхвалі. Вось Ford C-Max не даклеіў літаральна 5 сантыметраў. Крыху вышэй — і штрафу б не было.

Еўрарадыё: І што рабіць у такой сітуацыі? Бо чалавек добрасумленна купіў прыладу.

Аляксандр Якшэвіч: Яны пішуць прэтэнзію аператару. Але, наколькі я ведаю, "Капш" настойвае на тым, што карыстальнік павінен чытаць інструкцыю.

Днямі злавілі грамадзяніна Аўстрыі з такім шклом. Ён трапіў 7 разоў. На 700 еўра. Аплаціў, вядома, але тэлефанаваў у Аўстрыю, лаяўся, і куды толькі ні тэлефанаваў. Мы яго спыталі: "У нас у Беларусі аўстрыйская сістэма. Няўжо ў вас такога няма?". На што ён кляўся, што ў іх такога няма.

Еўрарадыё: У Еўропе на шкло проста клеяць налепкі. Купіў, скажам, у Аўстрыі за 7 еўра такі стыкер, прыляпіў і ездзі спакойна 10 дзён усюды. Чаму ў нас усё так складана?

Аляксандр Якшэвіч: Такі варыянт быў абраны Мінтранспарту. Мы толькі за налепкі. Beltoll таксама цяпер загружаны прэтэнзіямі з раніцы да вечара. Усе іх людзі займаюцца адказамі на гэтыя прэтэнзіі. Самі ўявіце: 110 тысяч штрафаў, калі паскардзіцца нават 20%, якая колькасць будзе. Да мяне першы час была чарга амаль да выхаду.

Еўрарадыё: Вельмі шмат штрафаў сярод беларусаў. На чым трапляюцца яны?

Аляксандр Якшэвіч: Збольшага ўсе ўжо атрымалі бартавыя, але некаторыя ўсё яшчэ ездзяць без іх. Мы спрабавалі абзвоньваюць першы час, калі было шмат парушэнняў, але рэакцыі не было.

Нядаўна прыходзіў кіроўца. Ён дастаўляе пластыкавыя вокны на аўтобусе больш за 3,5 тоны. Кажа, што не глядзіць прынцыпова беларускія навіны. Знакі і бігборды бачыў, але не зразумеў, што гэта яго датычыцца.

Беларусы на транзітных нумарах, якія гоняць машыну з Еўропы, таксама павінны плаціць за дарогу.

Грузавыя аўтамабілі часта парушаюць, калі ездзяць, не папаўняючы рахунак, хаця прыбор іх пра гэта папярэджвае. Або няправільна выстаўляюць колькасць восяў.

Еўрарадыё: Як можна выставіць няправільна?

Аляксандр Якшэвіч: Па змоўчанні забітыя 2 восі. А дадатковыя не ўлічваюцца. На бартавой прыладзе ёсць кнопка, якая падсвятляе лічбу з колькасцю восяў. Адно націсканне падсвятляе. Калі націснуць і патрымаць — павялічвае колькасць восяў. На гэта проста не зважаюць ад няведання. Напрыклад, у выпадку папаўнення рахунку наяўнымі колькасць восяў зноў скідваецца да дзвюх, і кіроўцы не звяртаюць увагі — атрымліваюць штраф.

Таксама праблема з падвеснымі восямі. Калі ў кіроўцы паднятая адна вось, то паводле правілаў ён не можа выставіць колькасць восяў меншую.

Часта блытаюць бартавыя, калі арганізацыя атрымлівае на вялікую колькасць транспарту скрыначкі. Яны аднолькавыя, але іх не падпісваюць, а проста раздаюць кіроўцам. Аднак на кожную машыну павінна быць свая прылада.

Часам бартавая прылада трапляе ў чорны спіс. Такое здараецца, калі фірма падала дакументы, а кіроўца не дачакаўся і аформіў на сябе. Атрымліваецца, што на адзін нумар дзве бартавыя: на фізасобу і юрасобу — што з'яўляецца парушэннем. Бартавую ўносяць у чорны спіс, і гэта лічыцца неаплатай.

Таксама ў беларусаў шмат праблем з жоўтымі нумарамі. Бартавую кіроўцы афармляюць на звычайныя нумары, а сваю камерцыйную дзейнасць ажыццяўляюць на жоўтым. Цяпер на сайце Beltoll рэкамендуюць мець дзве бартавыя ў такіх выпадках.

Еўрарадыё: Яны аформілі на белы, а ездзяць па жоўтым?

Аляксандр Якшэвіч: Так. Сістэма параўноўвае нумар, а ён не супадае.

Еўрарадыё: Якія яшчэ парушэнні бываюць у беларусаў?

Аляксандр Якшэвіч: Вельмі шмат аўтамабіляў ўвозілі пад 6-ы Дэкрэт, калі, магчыма, завышалася маса, каб патрапіць пад катэгорыю С і не плаціць растаможку. Lincoln Navigator, напрыклад, у іх базавая камплектацыя 2700, а наварочаная — 3504, і ён ужо грузавы. І павінен плаціць. Прычым паводле грузавых тарыфаў і штраф, як грузавы.

Усе, перш чым трапіць у парушальнікі, праходзяць праверку па базах ДАІ, і там ёсць дадзеныя тэхпашпарта, дзе пазначаная маса.

Еўрарадыё: Але масы машын з Расіі ў нашай базе няма? Як сістэма ацэньвае?

Аляксандр Якшэвіч: Стаіць датчык, які ацэньвае габарыты. На мяжы, калі чалавек не згодны, паказвае тэхпашпарт, і парушэнне закрываюць. Быў выпадак з аўтамабілем Iveco, у яго грузапад'ёмнасць 5 тон, а ў тэхпашпарце напісана 3,2 тоны. Чаму — не зразумела, але ён не плаціць.

Еўрарадыё: На адным відэа прыладу загортвалі ў фольгу, каб не плаціць. Атрымліваецца, што гэтых хлопцаў мусілі аштрафаваць? Можа, хтосьці спрабаваў скручваць нумары?

Аляксандр Якшэвіч: Спрабуюць, лісцікі ўстаўляюць. Звычайна гэта заканчваецца не вельмі добра. Каб распазнаць нумар, стаіць інфрачырвоная камера. Нават калі нумар запэцканы пластом бруду або наждачкай зацёрты — яго будзе бачна. Такія ёсць, але няшмат. Звычайна гэта эксперыментатары, якія спрабуюць у фольгу загарнуць і праверыць — пікае, не пікае. Яна пікае, а калі не пікае, то фатаграфуе.

Згодна з правіламі, калі не прайшло счытванне, як кажуць у народзе, не пікнула, кіроўца павінен спыніцца і патэлефанаваць на гарачую лінію. Там размовы запісваюць, і гэта потым улічваюць падчас разбіральніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі