За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася на 55 тысяч чалавек

У Беларусі скарацілася насельніцтва / Еўрарадыё
У Беларусі скарацілася насельніцтва / Еўрарадыё

Па стане на 1 студзеня 2023 года насельніцтва Беларусі складала 9 200 617 чалавек, паведамляе Белстат.

У параўнанні з 1 студзеня 2022 года насельніцтва краіны зменшылася на 54 907 чалавек. Варта нагадаць, што гэтыя лічбы — ацэнка чыноўнікаў, а не рэальная колькасць насельніцтва: яе можна спраўдзіць толькі праз перапіс. На фоне таго, што Белстат хавае амаль усе дэмаграфічныя даныя (у першую чаргу смяротнасць), безаглядна давяраць гэтым заявам не варта.

Дарэчы, у 2021-м колькасць жыхароў краіны, паводле афіцыйных звестак, паменшала на 94,1 тысячы чалавек, а ў 2020-м — на 60,6 тысячы. Агулам за тры гады Беларусь страціла каля 200 тысяч насельніцтва.

У Мінску, як паведамляе Белстат, на 1 студзеня пражываў 1 995 471 чалавек. За год насельніцтва сталіцы зменшылася на 1082 чалавекі.

Па абласцях насельніцтва на 1 студзеня было размеркаванае так:

Брэсцкая — 1 315 405 чалавек;
Віцебская — 1 091 948 чалавек;
Гомельская — 1 347 469 чалавек;
Гродзенская — 998 600 чалавек;
Магілёўская — 989 702 чалавекі;
Мінская — 1 462 021 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі