За памылку прадаўца Beltoll славака аштрафавалі на 2150 еўра
За паўгода грамадзянін Славакіі заплаціў за беларускія дарогі 250 еўра. А цяпер яго аўтамабіль арыштавалі і патрабуюць аплаціць штраф.
"У мяне айчым — славак, пастаянна прыязджае да нас у госці. Аўтамабіль у яго замежны, ён набыў прыбор (BelToll) для аплаты дарог і ездзіў з ім паўгода, ніколі ніякіх праблем не ўзнікала, грашовыя сродкі заўсёды папаўняліся своечасова. 29 снежня мы ўсёй сям'ёй з'ехалі ва Украіну і здалі прыбор. Але 30 снежня нам трэба было вярнуцца ў Беларусь, і каля мяжы нас спынілі супрацоўнікі Транспартнай інспекцыі і запатрабавалі дакументы на аўтамабіль, праз некалькі хвілін нас паклікалі ў іх аўтамабіль і запатрабавалі аплаціць штраф на суму 2150 еўра", — распавядае Еўрарадыё мінчанін Аляксандр.
Яго айчым на сваёй Аўдзі-А6 прыязджае ў Беларусь шмат гадоў. Са жніўня пачала працаваць сістэма платных дарог BelToll. Калі прыбор афармлялі, аператар Белаўтастрады зрабіў памылку.
"Супрацоўніца няправільна ўвяла лічбу. Замест RS, гэта значыць Рымаўска-Собота (Rimavska Sobota) — горад у Славакіі, дзе зарэгістраваны аўтамабіль, яна напісала RC", — кажа Аляксандр.
Аўтамабіль спынілі недалёка ад памежнага перахода Махро і перагналі на штраф-стаянку, пакуль уладальнік не аплоціць штраф за 43 парушэнні. Першае парушэнне было 22 жніўня, апошняе — 29 снежня. Увесь гэты час прыбор працаваў, грошы спісваліся з рахунку. За беларускія дарогі грамадзянін Славакіі заплаціў каля 2-2,5 мільёнаў. Таму, вядома ж, плаціць штраф за чужую памылку ён не захацеў, напісаў прэтэнзію ў замежнае прадпрыемства "Капш Тэлемацік Сервісіз", якое абслугоўвае BelToll.
У Транспартнай інспекцыі нам пацвярджаюць, што такі аўтамабіль сапраўды сярод парушальнікаў ёсць. І відавочна, што гэта памылка аператара. Але, як даведалася Еўрарадыё, "Капш" не плануе станоўча адказваць на прэтэнзію і штраф давядзецца плаціць. Бо ўладальнік аўто сам падпісваў дамову, у якой была памылка, а значыць… нясе адказнасць за яе! Бо мусіў заўважыць.
Застаецца два выйсці з сітуацыі: аплаціць штраф і адсужваць грошы ў Белаўтасрады, бо менавіта яе супрацоўнік зрабіў памылку, альбо не плаціць і судзіцца. Але ў гэтым выпадку аўтамабіль працягне стаяць на штрафстаянцы, а гэта каля 20 долараў за суткі! Гэта яшчэ каля 200 долараў — да штрафу на сёння!
"Я чытаў у правілах, што аўтамабіль можна не адганяць на штафстаянку, а паставіць блакіроўку. Мы прапаноўвалі паставіць аўто на стаянку побач з мяжой і заблакаваць колы, але яны ўпёрліся і пагналі нас у Брэст", — гаворыць Аляксандр.
Такая парадаксальная сітуацыя здарылася па вельмі простай прычыне. Абслугоўвае BelToll, па сутнасці, прыватная кампанія, якая не адказвае за памылкі дзяржаўнай Белаўтастрады. Затрымлівае аўтамабілі Транспартная інспекцыя, якая проста збірае ўжо вынесеныя штрафы і не можа ўплываць на прыватную кампанію.