За "Плошчу-2010" у Мінску затрымалі Уладзіміра Кондруся
Па справе "аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года" з'явіўся новы затрыманы. Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", гэта 39-гадовы жыхар пасёлка Рудзенск пад Мінскам Уладзімір Кондрусь. Ён змешчаны ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.
Па звестках праваабаронцаў, мужчыну затрымалі 14 чэрвеня. Цяпер за кратамі ён трымае доўгатэрміновую галадоўку, пратэстуючы супраць зняволення. Падчас галадоўкі стан яго здароўя пагоршыўся, таму Кондруся перавялі ў санчастку СІЗА.
У каментары "Нашай Ніве" афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова пацвердзіла затрыманне Кондруся: "Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Кондруся, які браў удзел у масавых беспарадках у 2010 годзе. Вывучаюцца ўсе акалічнасці".
Дарэчы, "Наша Ніва" падазравала Кондруся ў тым, што ён быў правакатарам у 2010 годзе. Потым журналісты выдання заўважылі яго 25 сакавіка на сёлетнім Дні Волі.
Агулам за Плошчу-2010 былі асуджаныя 49 чалавек. Многія з іх трапілі за краты, але потым былі амніставаныя або памілаваныя кіраўніком дзяржавы.
Зараз у справе аб "масавых беспарадках 19 снежня 2010 года" фігуруе толькі экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, але яго справа на гэты момант прыпыненая.