За ўдзел у пратэстах 2020-га футбольнага трэнера асудзілі на "хатнюю хімію"

Руслан Пратасеня 

Руслан Пратасеня  / vk.com

У Мінску за ўдзел у пратэстах 2020-га футбольнага трэнера Руслана Пратасеню асудзілі на тры гады "хатняй хіміі". Да суда ён быў за кратамі — у мінскім СІЗА № 1, піша spring96.org.

Справу Пратасені разглядаў суд Фрунзенскага раёна сталіцы (суддзя — Ала Скуратовіч). Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў вулічнай акцыі ў лістападзе 2020 года.

Тры гады таму Руслан Пратасеня быў асуджаны на 14 сутак арышту за тое, што прыйшоў на "Плошчу Перамен" ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. На той час ён быў трэнерам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі. Цяпер праваабаронцы яго прадстаўляюць, як трэнера па футболе БДУ.

Пратасеня не першы футбольны трэнер, асуджаны за ўдзел у пратэстах у Беларусі. У лістападзе такі ж тэрмін "хатняй хіміі" атрымаў трэнер акадэміі сталічнага "Дынама" Артур Мустыгін, унук легендарнага футбаліста Міхаіла Мустыгіна. Летась за краты трапляў Васіль Хамутоўскі, які ў выніку быў асуджаны на "хатнюю хімію". Сёлета на 2 гады калоніі агульнага рэжыму асуджаны дзіцячы футбольны трэнер Алег Швайко.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі