Забастоўшчык з "Беларуськалія" ўцёк ад КДБ праз фортку ў прыбіральні

Салігорскія шахцёры на мітынгу / Еўрарадыё
Салігорскія шахцёры на мітынгу / Еўрарадыё

Сябра стачкама "Беларуськалія" Дзмітрый Кудзялевіч уцёк з салігорскага міжраённага аддзела ўпраўлення КДБ праз фортку ў прыбіральні. Пра гэта паведамляе ТГ-канал стачкама салігорскіх шахцёраў.

Раніцай 20 жніўня актывіст рабочага руху перастаў выходзіць на сувязь. Сёння стала вядома, што ён быў затрыманы, але ўжо знаходзіцца на волі. Пра падрабязнасці затрымання Кудзялевіч расказаў у сваім відэазвароце:

"Адразу хацелася б вам падзякаваць за вашу вокамгненную рэакцыю, за вашу неймаверную падтрымку, за вашы намаганні па пошуку зніклага і вам вернага калегі. Сябры, сёння (20 жніўня. — Еўрарадыё) сапраўды быў беспрэцэдэнтны выпадак, які дзівіць сваёй беспрынцыповасцю, нахабствам і вынаходлівасцю. З 10 да 11 гадзін мне на тэлефон паступіў званок з просьбай прыехаць на сустрэчу для тлумачэння пазіцыі нашай Каардынацыйнай рады. Аднак мяне сустрэлі людзі далёка не прыязныя і далёка не аднадумцы. Выцягнуўшы з машыны, яны пагрузілі мяне ў свой мікрааўтобус і павезлі на ўсім вядомую Паркавую вуліцу (там знаходзіцца міжраённае ўпраўленне КДБ. — Еўрарадыё)".

Па неправеранай інфармацыі страйкама "Беларуськалія", Кудзялевіч цяпер знаходзіцца ва Украіне. На тое, што актывіст не ў Беларусі, ён таксама намякнуў у відэазвароце: "Я не Вадзім Пракоп'еў, я не буду дыстанцыйна выпускаць ніякія відэаролікі. У самы найбліжэйшы час я паспрабую да вас далучыцца, і мы працягнем нашу паказальную і ўзорную барацьбу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі