Заблакаваць Tor і проксі-серверы можна лёгка
Блакаванне можна зрабіць на пэўны час. Не выключана, што карыстацца гэтым будуць не ўвесь час, а ў пэўныя моманты.
У Беларусі выйшла пастанова пра спосабы абмежавання доступу да сайтаў. З яе стала вядома, што ў выпадку парушэння заканадаўства блакаваць змогуць усё і для ўсіх.
Пытанні і адказы: Як у Беларусі будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў
Абмежаваць доступ да асобнага акаўнта ў Facebook — маларэальна
Акрамя іншага плануецца абмяжоўваць доступ да проксі-сервераў і сетак кшталту Tor, праз якія карыстальнікі будуць спрабаваць зайсці на заблакаваныя сайты.
Спосабу даведацца, на які сайт карыстальнік спрабуе зайсці праз проксі-сервер, не існуе. Калі тэхналогія зробленая нармальна, то канал будзе зашыфраваны, і ніхто не даведаецца, на які сайт карыстальнік заходзіць праз проксі, Tor або VPN. Так што лавіць за руку не атрымаецца. Таму можна зрабіць выснову, што блакаваць могуць толькі ўсе проксі і VPN.
Лавіць жа тых, хто ходзіць праз проксі менавіта на забароненыя сайты, практычна немагчыма і дорага. А значыць, блакаваць будуць альбо ўсіх, альбо паўторыцца гісторыя, як з указам 60. У законе будзе прапісана, але на практыцы займацца блакаваннем усіх проксі, VPN і Tor ніхто не будзе. Да пэўнага моманту...
Заблакаваць Tor-браўзер можна, але не для ўсіх і ненадоўга
Тэхналогій абыходу цэнзуры ў інтэрнэце ёсць некалькі. Tor-бразуер — самая папулярная. Блакаваць яго цяжка, але магчыма ў патрэбныя моманты для большасці людзей. Ёсць некалькі спосабаў.
Забараніць загрузку Tor-браўзера
Можна закрыць сайты для загрузкі самой праграмы. І нарабіць падробленых сайтаў для загрузкі, дзе выкласці версію браўзера з вірусам. Так карыстальнікам будзе цяжка яго атрымаць.
Забараніць адрасы, ушытыя ў браўзер
Tor-браўзер мяняе парты і выкарыстоўвае цэлую сетку камп’ютараў для доступу да сайтаў. Па такім жа прынцыпе працуе сайт для загрузкі фільмаў, музыкі і праграм Торэнт — вы загружаеце файл адразу з некалькіх розных камп’ютараў. Натуральна, усе іх заблакаваць складана.
Але для першага выхаду ў інтэрнэт у браўзеры прапісаныя пэўныя адрасы, якія лёгка знайсці, вывучыўшы браўзер, і заблакаваць іх. З пераменным поспехам гэтым займаецца Кітай. Вядома, спецыялісты-камп’ютаршчыкі змогуць аператыўна прапісаць новыя адрасы, але для большасці карыстальнікаў Tor-браўзер перастане працаваць на некаторы час, пакуль распрацоўшчыкі браўзера не выпусцяць абнаўленне, што вырашыць праблему.
Заблакаваць VPN таксама можна
Ёсць тры варыянты VPN-тэхналогій. Некаторыя блакаваць проста, таму што яны заходзяць у інтэрнэт праз пэўныя парты, якія можна лёгка пазнаць і закрыць.
OpenVPN, напрыклад, заблакаваць не так лёгка. Праграма ўмее прыкідвацца звычайным браўзерам, які заходзіць у інтэрнэт па зашыфраваным канале.
Ёсць каля 100 самых распаўсюджаных VPN-правайдараў. Іх заблакаваць нескладана, проста па спісе. Перапісаць усе адрасы сервераў і заблакаваць. Гэтым карыстаецца Кітай, даволі эфектыўна.
Кампаніі і камп’ютаршчыкі змогуць знайсці VPN-серверы, якія не заблакаваныя. Але гэта варыянт не для ўсіх.
Вэб-проксі заблакаваць лёгка
Трэці варыянт доступу да сайтаў — гэта вэб-проксі. Па сутнасці, вэб-проксі — гэта таксама сайты. Забіўшы іх у пошук, можна знайсці самыя папулярныя і абмежаваць доступ да іх гэтак жа, як да ўсіх астатніх сайтаў. Існуюць праграмы, здольныя "падымаць" проксі, але асвоіць іх не зможа большасць карыстальнікаў інтэрнэту.
Ёсць праекты, здольныя абысці цэнзуру
Праект lantern задуманы як эфектыўны спосаб абысці цэнзуру. Прынцып яго працы такі, што карыстальнікі робяцца адно для аднаго проксі-серверамі. Але нейкіх простых выхадаў пакуль няма. Калі новы закон будзе выконвацца з энтузіязмам, то можа прынесці праблем і з гэтым спосабам. Калі не, то яго будзе лёгка абысці.
Стварыць блакаванне на абмежаваны час для большасці карыстальнікаў нескладана. Але закон могуць трымаць у кішэні проста для таго, каб скарыстацца ім у пэўны час.
Блакаванне сайтаў — камерцыйна даступная тэхналогія. Беларусь можа купіць гатовае рашэнне і даволі хутка запусціць яго. Вытворчасцю такіх рашэнняў займаюцца кампаніі ў Еўропе і Расіі.
З 26 лютага набывае моц "Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт". Дакумент прынялі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта і Мінсувязі па ўзгадненні з Мінінфармацыі.