Забойцу гея Пішчэўскага асудзілі на тры гады зняволення
Суд Цэнтральнага раёна Мінску 28 ліпеня абвясціў прысуд у справе забойства гея Міхаіла Пішчэўскага, інфармуе Радыё "Свабода".
Абвінавачаны па гэтай справе Дзмітрый Лукашэвіч ужо адбыў пакаранне за збіццё Пішчэўскага. Але пасля гэтага Пішчэўскі памёр ад наступстваў збіцця, таму суд перагледзеў справу.
Цяпер Лукашэвіча асудзілі на тры гады пазбаўлення волі і ўзялі пад варту ў зале суда. Адзін год яму скасаваны паводле аміністыі, а яшчэ амаль год ён ужо адбыў пад вартай падчас следства. Такім чынам, за кратамі асуджаны правядзе каля года.
Таксама ён мусіць выплаціць 20 тысяч рублёў ("новымі") кампенсацыі за маральную шкоду. 10 тысяч атрымае маці забітага і па 5 тысяч — сястра і брат.