Захад яшчэ не раз будзе спрабаваць садзіць Пуціна за стол перамоў у Мінску
Ці задавальняе падпісаны ў Мінску мемарандум Украіну і ці будуць выконвацца прапісаныя ў ім рашэнні, разважаем з украінскімі экспертамі.
Пасля 16 гадзін перамоў у "нармандскім фармаце" быў прыняты адпаведны мемарандум па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Але ці будзе выконвацца тое, пад чым “падпісаліся” канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін пад “наглядам” спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні?
Па словах пасла па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрыя Кулебы, іх краіна ўспрымае падпісаны дакумент як шанец, якім Украіна абавязкова паспрабуе скарыстацца.
Дзмітрый Кулеба: “Калі рэжым спынення агню запрацуе так, як гэта было прадугледжана ў Мінску, значыцца Расія сур’ёзна настроеная і можна казаць пра далейшую імплементацыю. Калі не, то гэта азначае, што Расія застаецца на шляху дээскалацыі. Але гэтыя дні да нядзелі і будуць крытычнымі для таго, каб сфармаваць канчатковую ацэнку дасягнутых пагадненняў і іх эфектыўнасці”.
Разважаць пра тое, якія важныя пытанні не былі ўлічаныя “мінскім мемарандумам”, суразмоўца Еўрарадыё зараз не хоча. Маўляў, зараз дадача нумар адзін – устанавіць стабільны рэжым спынення агню. Потым заняцца адводам узбраенняў і гэтак далей па пунктах мемарандуму. Калі да гэтых наступных крокаў справа дойдзе. А вось у тым, што справа да іх дойдзе, вельмі сумняваецца ўкраінскі палітолаг Віталь Портнікаў.
Па словах Портнікава, ён ад пачатку ўспрымаў “мінскі мемарандум” не больш, як “магчымасць заключыць перамір’е ў сітуацыі, калі Пуцін шантажыраваў свет шырокамаштабнай вайной”. Палітолаг упэўнены, што ніводны пункт пагаднення, апроч пункта наконт спынення агню, выконвацца не будзе, бо “для Расіі любое дзеянне па дээскалацыі канфлікту вядзе да паразы”.
Віталь Портнікаў: “Калі нават уявіць, што пункты падпісанага пагаднення будуць выконвацца, то гэта аўтаматычна будзе азначаць крах уплыву Расіі ў акупаваных ёй раёнах Данецкай і Луганскай абласцей і аднаўленне ўкраінскага суверэнітэту. Таму, калі Расія абяцае выводзіць свае войскі, калі яна пагаджаецца, што будзе асаблівы парадак кіравання часткамі Данецкай і Луганскай абласцей, яна фактычна распісваецца ў магчымай стратай свайго уплыву на сітуацыю. А яна гэтага не дапусціць”.
І таму, упэўнены Віталь Портнікаў, расійскі бок будзе ўчыняць нейкія правакацыі альбо распачынаць новыя гібрыдныя войны. Прычым, “не абавязкова толькі на ўкраінскай тэрыторыі”.
Падпісаны ў Мінску мемарандум не дазволіць вырашыць канфлікт на Данбасе, пагаджаецца з калегам украінскі эксперт Юрый Раманенка. Канфлікт будзе замарожаны максімум на некалькі месяцаў, што, праўда, дазволіць бакам “назапасіць рэсурсы і мабілізавацца”.
Што да самога мемарандуму, то ён выклікае ў суразмоўцы Еўрарадыё шмат пытанняў.
Юрый Раманенка: “Да прыкладу, Украіна павінна аднавіць фінансаванне Данбаса праз месяц, тады як “пад кантроль яна магчыма возьме межы тады, калі магчыма будуць праведзеныя мясцовыя выбары. Пасля якіх мы магчыма возьмем пад кантроль мяжу”. Што ніяк не дае адказ на пытанне: “А хто будзе кантраляваць вывад расійскіх войскаў?”, “Хто гарантуе, што пакуль граніца не кантралюецца – гэтыя войскі і баевікі не будуць атрымліваць падмацавання?”
Больш за тое, калі пачытаць уважліва мемарандум і апошнія рашэнні Кантактнай групы, упэўнены Юрый Раманенка, то становіцца відавочным – такі Данбас Украіне не патрэбны.
“Што будзе рабіць такі Данбас, у якога свая народная міліцыя, свае пракуроры, свае суды ў складзе Украіны? Яны што, будуць выбіраць нейкіх дэпутатаў у Вярхоўную Раду ці дэлегаваць некага ў Кабмін і ў абмен на што? На тое, што яны жывуць па сваіх законах і цалкам не падпарадкоўваюцца Кіеву і высмоктваюць з Украіны рэсурсы, уключна са знешняй дапамогай? А навошта нам гэта трэба?”, -- задаецца пытаннем Юрый Раманенка.
Па словах Раманенкі, прынятыя рашэнне выгадныя Украіне тактычна – гэта дае ён магчымасць распачаць рэформы і перазапусціцца, “але стратэгічна ніхто не будзе выконваць гэтыя рашэнні, ніводны з бакоў – я ў гэтым упэўнены на сто адсоткаў”. Тым не менш, ён звяртае ўвагу на тое, што менавіта 12 лютага МВФ пацвердзіў свій намер выдаткаваць Украіне амаль 16 мільярдаў долараў. “Гэта азначае, што Захад будзе цягнуць Украіну на буксіры і што доступ да амаль бязмежных рэсурсаў заходняй фінансавай сістэмы дазволіць Украіне выстаяць”, -- упэўнены Юрый Раманенка.
Іншых зменаў, апроч зніжэння інтэнсіўнасці ваенных дзеянняў у выніку падпісання “мінскага мемарандуму”, не будзе, упэўнены яшчэ адзін украінскі палітолаг Дзмітрый Левусь. Тым больш, што ўкраінскі бок шмат што не задавальняе у гэтым дакуменце.
Дзмітрый Левусь: “Не задавальняюць тыя трактоўкі, якія тычацца зменаў Украінай сваёй Канстытуцыі. Мы не ў стане пагадзіцца з іх трактоўкай наконт дэцэнтралізацыі, якая, на самой справе, прывядзе да аўтаномнасці гэтых рэгіёнаў. І больш за тое, да іх магчымасці ўплываць на ўсю палітыку Украіны”.
А таму, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, праз непрацяглы час, сітуацыя вернецца да той, што ёсць на Данбасе сёння – ваенных дзеянняў. І папярэджвае беларускіх “арганізатараў” як перамоў Кантактнай групы, так і лідараў краін у нармандскім фармаце”, што гэта не апошняя сустрэча перамоўшчыкаў розных узроўняў у беларускай сталіцы.
Дзмітрый Левусь: “Ня гледзячы на словы, што гэта “чорная метка Пуціну і калі ён і зараз адмовіцца выконваць дамоўленасці, то больш Захад з ім размаўляць не будзе”, я думаю, што ўсё не так. Думаю, што Захад будзе спрабаваць пасадзіць яго за стол перамоў яшчэ некалькі разоў”.
І стол гэты будзе ў Мінску, як у самым зручным для ўсіх перамоўшчыкаў месцы.
У кіеўскага палітолага Антона Круця шмат пытанняў да пункту, па якіх “прадстаўнікі сепаратысцкіх рэгіёнаў будуць мець нейкая права кансультацыйнага голасу ў распрацоўцы канстытуцыйных рэформ Украіны”.
Антон Круць: “Ключавыя моманты для мяне: кантроль над мяжой з Расіяй і права, якое будуць мець гэтыя тэрыторыі ў рашэнні агульна ўкраінскіх пытанняў. Такіх, як уваходжанне ў ЕС і NATO. Дарэчы, уваходжанне ў NATO, гэты нейтральны статус, які абмяркоўваўся ў кулуарах пастаянна і на не публічных кансультацыях, не прагучаў. Пытанне альбо знятае зусім, альбо механізм яго рэалізацыі, дапускаю, пераведзены ў дужкі, калі нейкія гарантыі былі атрыманыя з боку Меркель і Абамы, што Украіну туды браць не будуць. Але трэба глядзець на развіццё падзей у бліжэйшыя 2-3 тыдні – падрабязнасці ўсплывуць. Я падазраю, што там ёсць частка таемных дамоўленасцяў, якія як і выпадку з вераснёўскімі перамовамі кантактнай групы не былі апублікаваныя”.
Калі для Украіны шмат пытанняў і нават непрымальных патрабаванняў у прынятым удзельнікамі мінскіх перамоў мемарандуме, то, сцвярджаюць суразмоўцы Еўрарадыё, не трэба лічыць гэты дакумент і перамогай Пуціна. Бо, кажуць, галоўнае пытанне для Крамля: заблакаваць уваходжанне Украіны ў NATO і ўвогуле пазбавіць яе права любога знешнепалітычнага вызначэння. У апублікаваных “мінскіх дакументах” механізма рэалізацыі гэтых задач Крамля няма.
Фота АР і з асабістых архіваў Віталя Портнікава, Юрыя Раманенкі і Дзмітрыя Левуся