"Законы пра дыктатуру" ўжываюцца на Украіне, нягледзячы на іх адмену?
Пакет законаў ад 16 студзеня быў адменены Вярхоўнай радай. Але большасць забаронных нормаў ва Украіне па-ранейшаму дзейнічае.
Да гэтага прывяла грубая памылка, дапушчаная дэпутатамі, піша РБК са спасылкай на "Коммерсант-Украина". Закон N732-VII, які абвясціў уведзеныя нормы несапраўднымі, набыў моц 2 лютага. Між тым афіцыйная база заканадаўства, размешчаная на сайце Вярхоўнай рады, сведчыць, што законы ад 16 студзеня ўсё яшчэ ўжываюцца.
Напрыклад, у арт.122 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях па-ранейшаму ёсць параграф пра штраф і канфіскацыі транспартнага сродку за рух калонай колькасцю больш за пяць аўтамабіляў.
Былы намеснік міністра юстыцыі Украіны Дзмітрый Катляр мяркуе, што да такой сітуацыі прывяла "сістэмная памылка" у целе закона N723, дапушчаная дэпутатамі. Прынятыя 16 студзеня законы былі дакументамі аднаразовага дзеяння, якія ўносілі змены ў іншыя заканадаўчыя акты. Таму 2 лютага, калі закон аб іх адмене ўступіў у сілу, большасць "законаў пра дыктатуру" ўжо была выкананая. Па словах Катляра, трэба было асобна прапісаць у тэксце закона, што вяртаецца ранейшая рэдакцыя законаў, якая дзейнічала да ўнясення ў іх зменаў.
Фота — news.pn