Заробак беларуса ў бульбе: у 2012-м — больш за тону, у 2018-м — толькі 736 кг
Reuters
Белстат расказаў, як з 2012 па 2018 год мянялася пакупная здольнасць беларусаў. Што гэта значыць? Сёння жыхар Беларусі за свой месячны заробак (статыстычнае ведамства карэктна называе яго месячным сярэднедушавым наяўным грашовым даходам) можа купіць, напрыклад, 72 кг ялавічыны, 3 касцюмы або 1 халадзільнік (ну амаль). Але гэта значэнне ўвесь час змяняецца — у большы або меншы бок.
Асноўная тэндэнцыя — зніжэнне пакупной здольнасці па большасці тавараў у 2018 годзе ў параўнанні з 2012-м. Дакладней спачатку яна расла і дасягнула свайго піку ў 2014 годзе. Аднак пасля навагодняга эканамічнага крызісу да гэтага часу так і не аднавілася да значэнняў 2012 года.
Выключэнне — мяса і рыба: калі ў 2012 годзе беларус на сваю зарплату мог купіць 59 кг ялавічыны, 65,4 кг свініны, 90,3 кг мяса птушкі або 108,3 кг рыбы, то ў 2018-м — адпаведна 72,2 кг, 90,1 кг, 122,5 кг і 140,2 кг.
Зніжаецца пакупная здольнасць па малочнай прадукцыі (за выключэннем тварагу). Тое ж самае адбываецца і па яйках, хлебе і макароне. А вось цукру, алею і рысу беларус у 2018 годзе мог купіць на месячны заробак больш, чым у 2012-м.
Ну і самы галоўны прадукт — бульба. У 2012 годзе беларус на сваю зарплату мог купіць 1346 кг, а ў 2018-м — толькі 736,5 кг. Упала пакупная здольнасць і па цыбулі — 705,1 кг супраць 618,9 кг адпаведна. Капуста — туды ж: 895,9 кг у 2012-м супраць 855,6 кг у 2018-м.
Паглядзім на нехарчовыя тавары. Колькасць мужчынскіх касцюмаў і кашуль, якія можна купіць на адну беларускую зарплату, знізілася з 4,8 і 18 у 2012 годзе да 3 і 13,7 у 2018-м. Жаночых джэмпераў і спадніц 7 гадоў таму на адну зарплату можна было купіць 15,2 і 11,4, а ў 2018-м — 13,4 і 11.
У 2012 годзе сярэдні беларус мог купіць на месячны даход 0,8 халадзільніка, у 2014-м — 1,2 халадзільніка, а ў 2018-м — 0,9 халадзільніка. Па пыласосах карціна па гадах падобная, але крыху больш сумная: 3,4 (2012), 5 (2014) і 2,9 (2018).