Затрыманы бізнесмен Аляксандр Кныровіч

Затрыманы бізнесмен Аляксандр Кныровіч

Затрыманы буйны беларускі бізнесмен Аляксандр Кныровіч. Інфармацыю пра затрыманне Еўрарадыё пацвердзілі сябры затрыманага. "Яго затрымалі вельмі сур'ёзныя людзі, зараз ідзе высвятленне абставінаў", — пракаментаваў адзін з іх, дадаўшы, што ёсць шанец, што цягам бліжэйшых двух дзён Кныровіч апынецца на волі. З раніцы 26 студзеня мабільны тэлефон прадпрымальніка не адказвае. 

Яшчэ 24 студзеня Аляксандр Кныровіч выкладаў у сваім Facebook здымкі з Жэневы. Затрыманне адбылося 25 студзеня, пасля таго, як бізнесмен вярнуўся ў Мінск. Кныровіч затрыманы на 72 гадзіны, тэрмін утрымання пад вартай можа быць падоўжаны.

"Следчым камітэтам Аляксандр Кныровіч не затрымліваўся", — паведаміў Еўрарадыё начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч. Гэта значыць, справай Кныровіча займаюцца ці ў Камітэце дзяржкантролю, ці ў КДБ.

Аляксандр Кныровіч — адна з самых заўважных фігур у беларускім бізнесе. Ён рэгулярна выступае ў медыях з крытыкай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, піша аналітычныя артыкулы для эканамічных медыяў. Тры "вострыя" тэксты Кныровіча сталі падставай для блакіроўкі Міністэрствам інфармацыі сайта KYKY.org у чэрвені 2015 года.

Затрыманы бізнесмен Аляксандр Кныровіч
Аляксандр Кныровіч. Фота: BEL.BIZ

У групе кампаній "Сармат", сузаснавальнікам якой ён з'яўляецца, пра зняволенне Кныровіча не ў курсе. Але ўдакладняюць, што ўвогуле вельмі рэдка бачаць бізнесмена ў офісе. Яшчэ адным праектам Кныровіча з'яўляецца мінскі бар Bristle — там ён таксама апошнімі днямі не з'яўляўся.

У свой час Аляксандр Кныровіч браў актыўны ўдзел у працы суполкі бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў "БАВІН", якая зараз не вядзе актыўнай дзейнасці. З якім менавіта актывам Кныровіча звязанае затрыманне, пакуль невядома.

У 2008 годзе ў Кныровіч ўжо былі праблемы з законам, але іх атрымалася вырашыць. "Вялікі поспех — не заўсёды шчасце, — распавядаў ён, выступаючы ў праекце "Пра бізнес. LIVE". — Ведаеце, калі ў вас у адзін год абарот $30 тысяч, у другі — $700 тысяч, у трэці — $2 мільёны, у чацвёрты — 7. А далей 15, 24, 35 млн — у вас канкрэтна "зносіць дах". Вам здаецца, што так будзе працягвацца вечна, што год за годам усё будзе расці-расці, і вы будзеце і далей знаходзіцца ў такой ролі.

Я быў у такой ролі. І, вядома, гэта скончылася дрэнна. Гэта скончылася ў 2008 годзе праверкай ДФР [дэпартамент фінансавых расследаванняў. — Еўрарадыё], крымінальнай справай, падпіскай аб нявыездзе. І я вельмі добра памятаю момант: калі мы разлічыліся з дзяржавай, я атрымаў вялікую прыгожую паперу, што яго да мяне больш прэтэнзій не мае. Першым жа рэйсам я паляцеў на Міжземнае мора на любімы курорт".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі