"Завочна асуджаны" Салаўёў заклікае да новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Зміцер Салаўёў / spring96.org
Зміцер Салаўёў / spring96.org

"Завочна асуджаны" ў Беларусі праваабаронца ПЦ "Вясна" Зміцер Салаўёў заклікае да новых санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. "Гэта не суд, а прапагандысцкі спектакль, гэта расправа над праваабаронцамі, — кажа ён у каментары Радыё Свабода. — Зверскія тэрміны, якія яны прызначылі праваабаронцам, гэта помста за тую дзейнасьць, якую праводзіў Праваабарончы цэнтар "Вясна" 27 гадоў... Гэта спроба нейтралізаваць праваабаронцаў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча. Гэта замоўныя тэрміны, якія паступілі непасрэдна з самага верху гэтай дыктатарскай улады, якія ператварылі краіну ў канцлагер".

Тое, што праваабаронцаў і палітвязняў трымалі ў кайданках у клетцы — гэта дэманстрацыя ўсяму свету жорсткасці, з якой рэжым распраўляецца з апанентамі, адзначае Салаўёў. Ён упэўнены, што "зараз свет ускалыхнецца" і будзе рэакцыя на прысуд. "Я выступаю, каб санкцыі былі павялічаныя, таму што гэта ненармальна — гандляваць з рэжымам, даваць яму магчымасць зарабляць грошы, яшчэ трэба ўлічыць, што гэты рэжым дапамагае Расіі забіваць украінцаў", — дадае праваабаронца.

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі, Стэфановіча — на 9 гадоў, Лабковіча — на 7 гадоў (для ўсіх — узмоцненага рэжыму), Салаўёва, якога "судзілі" завочна (ён знаходзіцца за мяжой) — на 8 гадоў калоніі. Іх прызналі вінаватымі ў "кантрабандзе арганізаванай групай" і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Палітвязні сваёй віны не прызналі. Вядома, што іх пераследуюць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі