Жлобінскаму металургічнаму заводу будзе аказана фінансаванне
Падчас наведвання Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне кіраўнік краіны заявіў, што акажа яму фінансавую дапамогу, пра гэта паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Падрыхтаваны адпаведны праект указа, які будзе разгледжаны найбліжэйшым часам. Гаворка ідзе пра адтэрміноўку часткі выплатаў па крэдытах БМЗ шляхам выпуску прадпрыемствам аблігацый і размяшчэння іх у дзяржаўных банках.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка паставіў некалькі ўмоваў кіраўніцтву завода. Адна з іх заключаецца ў тым, каб працэнты па размешчаных аблігацыях былі на мінімальна магчымым узроўні. Другая ўмова датычыцца скарачэння выдаткаў і істотнага зніжэння сабекошту вырабленай на БМЗ прадукцыі.
“Скарачаць сабекошт, выдаткі на вытворчасць прадукцыі вам давядзецца. Калі вы гэта не зробіце, я нават і разглядаць указ аб падтрымцы прадпрыемства па крэдытах не буду. Я вам гэта кажу шчыра, нягледзячы на палітычны момант”, — сказаў кіраўнік краіны.
У найбліжэйшыя гады плануецца будаўніцтва комплексу для вытворчасці спецыяльных сталей, з запускам якога патрэбы ўнутранага рынку будуць поўнасцю закрытыя.
Фота: president.gov.by