Журналіста-фрылансера з Пінска асудзілі да 6 гадоў калоніі і вялікага штрафу
Аляксандр Ігнацюк
52-гадовага журналіста-фрылансера і відэаблогера з Пінска Аляксандра Ігнацюка асудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і вялікага штрафу — 8 тысяч рублёў (таксама пастаноўлена спагнаць на карысць пацярпелага маёмасны ўрон у памеры 1800 рублёў). Яго прызналі вінаватым ў арганізацыі пратэстаў у Століне і Мінску, "паклёпе" на Аляксандра Лукашэнку і "вымагальніцтве", паведамляюць праваабаронцы.
Ігнацюка затрымалі ў ліпені 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова, бо ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна. МУС апублікавала відэа жорсткага затрымання журналіста толькі ў сакавіку 2024-га. Справу Аляксандра Ігнацюка з сярэдзіны сакавіка ў закрытым рэжыме разглядаў суд Столінскага раёна (суддзя — Сяргей Насеня). Прысуд быў агучаны 5 красавіка. На судзе Ігнацюк часткова прызнаў віну ў першых абвінавачваннях, але не прызнаў віну ў "вымагальніцтве".
У журналіста канфіскавалі ноўтбук як "сродак здзяйснення злачынства".
Беларускія праваабронцы прызналі Ігнацюка палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.