Журналістам далі трое сутак, бо “абдымалі” міліцыянтаў
І выклікалі падазрэнні ў “дэкамплектацыі транспарту, бо азіраліся”.
“Непадалёк ад прыпынку грамадскага транспарту на праспекце Машэрава, 2. Там дом знаходзіўся, дарога”, — гэтак супрацоўнік АМАПа Сяргей Рэут апісвае месца, дзе затрымліваў журналістаў Аляксандра Ярашэвіча і Генадзя Барбарыча.
Што знаходзіцца па Машэрава, 2 — ён не памятае. У гэтым будынку месціцца… Акадэмія МУС. Суддзя некалькі разоў прапануе супакоіцца, бо падчас сведчанняў міліцыянтаў гледачы смяюцца. Ёсць чаму! Напрыклад, калі міліцыянты не могуць прыгадаць, куды ішлі, і просяць патлумачыць, што такое “адначасова”.
Генадзь Барбарыч
Паводле слоў Сяргея Рэута, журналіст Аляксандр Ярашэвіч выклікаў у яго падазрэнні ў “дэкамплектацыі транспарту”, бо азіраўся. А калі міліцыянты падышлі, журналісты не падпарадкоўваліся і супраціўляліся.
“Яны не рэагавалі на патрабаванні паказаць дакументы, размахвалі рукамі, спрабавалі сесці”, — як па завучаным тлумачыць Рэут.
А таксама абхоплівалі міліцыянтаў, амаль абдымкі!
Аляксандр Ярашэвіч у судзе апісвае іншую карціну затрымання: ён упэўнівае, што гэта адбывалася за сотню метраў да Машэрава, 2, каля крамы “Акіян”, што на вуліцы Казлова. А міліцыянтаў у цывільным ён заўважыў яшчэ ў аўтобусе, па дарозе з акцыі "Чарнобыльскі шлях".
“У аўтобусе я ўбачыў людзей, якія падазрона пазіралі на мяне. Мы выйшлі на прыпынку, насупраць крамы “Акіян”. Гэта вуліца Казлова. Ззаду падбеглі трое людзей спартовага целаскладу. Папрасілі прайсці. Мы спыталі, хто яны. Яны адказалі, што міліцыя. Толькі адзін з супрацоўнікаў паказаў нам пасведчанне. Прычым там не было імя і прозвішча”, — расказвае Аляксандр Ярашэвіч.
Пры гэтым сваё пасведчанне журналіста ён міліцыянтам паказаў.
Яшчэ два сведкі з боку міліцыі — супрацоўнікі АМАП Граблюк і Карповіч — апісаць месца затрымання не могуць. Таксама не прыгадваюць, куды і адкуль яны ішлі ў грамадзянскай вопратцы ўвечары 26 красавіка. І агучваюць супярэчлівыя факты:
“Рэут указвае, што Ярашэвіч Граблюка хапаў за рукавы, пры гэтым Карповіч кажа, што абвінавачаны хапаў Рэута”, — гаворыць аб супярэчнасцях адвакат журналіста Аляксандр Галіеў.
Суддзя Кірыл Палулех прызнае Ярашэвіча вінаватым у “непадпарадкаванні міліцыі” і абвяшчае прысуд — трое сутак адміністрацыйнага арышту.
На працэс Генадзя Барбарыча прыходзяць тыя ж трое сведак з боку міліцыі, судзіць той жа суддзя. Той самы адвакат зноў заяўляе пра недакладнасці ў паказаннях, прысуд такі ж — трое сутак.
Гэты прысуд і само затрыманне — памылковая ініцыятыва міліцыянтаў, упэўнівае Еўрарадыё юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
“Гэта — эксцэс выканаўцы. Не мусіла быць, калі заяўлена пра паляпшэнне кантактаў з Захадам, такіх затрыманняў. Такое затрыманне не надае дывідэндаў ні ўладзе, ні суду. Прывезлі позна журналістаў, тыя пачалі казаць пра свае правы, і міліцыянты вырашылі — давайце іх зачынім”.
Агулам за "Чарнобыльскі шлях" асудзілі шэсць чалавек. Трухановічу, Чарняку і Тарнагурскаму далі 10 сутак арышту, Вячаславу Дашкевічу — пяць сутак. Міліцыянты выступалі сведкамі і на іншых працэсах.
Фота - Еўрарадыё