Журналістку аштрафавалі за "саўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ"
Такі прысуд вынеслі ў гомельскім судзе мясцовай журналістцы Ларысе Шчыраковай.
12 сакавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок аштрафаваў мясцовую журналістку Ларысу Шчыракову на 3,6 млн рублёў (20 базавых велічыняў). Нагодай стаў міліцэйскі пратакол, дзе журналістку вінавацілі ў "незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ".
Пры вынясенні рашэння суддзя пагадзіўся з довадамі Шчыраковай, што ў Адміністрацыйным кодэксе гаворыцца пра юрыдычную асобу — рэдакцыі СМІ, а не пра фізічную асобу. Таму ў прысудзе Казачок зрабіў агаворку — "за саўдзел у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ", перадае БелаПАН.
Міліцыянты спаслаліся на тое, што 13 студзеня Шчыракова здымала на відэа на Цэнтральным рынку Гомеля прадпрымальнікаў. Пазней сюжэт аб праблемах ІП з'явіўся на тэлеканале "Белсат". Пры гэтым журналістка не акрэдытаваная як карэспандэнтка "Белсата".
На судзе Шчыракова заявіла, што не лічыць сябе вінаватай у правапарушэнні, бо не з'яўляецца ні штатнай, ні пазаштатнай карэспандэнткай тэлеканала "Белсат". Яна заявіла, што зняла відэа на рынку і размясціла яго на канале YouTube у інтэрнэце.
Тым не менш суддзя прызнаў яе вінаватай і аштрафаваў.
Дарэчы, на Шчыракову ёсць яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы — за здымкі 10 сакавіка прадпрымальнікаў на рэчыцкіх рынках.
Фота — mediakritika.by