Журналістаў Чайчыц і Краўчука аштрафавалі на 5 млн 400 тысяч рублёў кожнага
Такое рашэнне ў панядзелак прыняў суд Дзяржынскага раёна.
У панядзелак, 1 чэрвеня, суд Дзяржынскага раёна аштрафаваў журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў кожнага. Іх абвінавацілі ў "незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. Падставай для складання адміністрацыйных пратаколаў стаў сюжэт з Фаніпалю (Дзяржынскі раён) пра тое, што здымачную групу не дапусцілі на грамадскае абмеркаванне генплану забудовы горада. Міліцыя раздрукавала тэкст і выявы сюжэта з сайта тэлеканала “Белсат” і звінаваціла журналістаў у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ.
Як паведамляе сайт baj.by, Вольга Чайчыц заявіла ў судзе, што збірала інфармацыю, але не змяшчала яе на сайце "Белсата". Таму абвінавачванне ў “вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” яна лічыць недарэчным. Тым не менш, Чайчыц і Краўчука аштрафавалі.
Падтрымаць калегаў у Дзяржынск прыехалі каля 20 журналістаў, у тым ліку старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, намеснік старшыні Міхась Янчук і прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.
Фота Барыса Гарэцкага, baj.by