Жыхар Аршанскага раёна паскардзіўся ў міліцыю, што ў яго скралі гарачую ваду
Камічны выпадак адбыўся ў Барані Аршанскага раёна: у міліцыю паступіла заява пра крадзеж гарачай вады з крана, піша сайт orsha.eu.
Заяву падаў Аляксандр Мухін. Уначы мужчына хацеў прыняць гарачую ванну, але з крана замест гарачай вады ішла халодная — не вышэй за 25 градусаў. У чаканні гарачай Мухін выліў каля трох кубаметраў вады. Ён палічыў гэта нядобрасумленнасцю камунальнікаў, бо лічыльнік налічваў гэты аб'ём як гарачую ваду.
Не дачакаўшыся пацяплення вады, Мухін пачаў тэлефанаваць у дзяржаўныя службы, у тым ліку ў міліцыю. На яго выклік прыйшоў міліцыянт у суправаджэнні трох санітараў псіхіятрычнай брыгады. Праваахоўнік прыняў у мужчыны заяву пра крадзеж гарачай вады з крана і патлумачыў, што пасля 12-й гадзіны ночы гарачую ваду ў кватэры не пастаўляюць дзеля эканоміі. Санітары, выслухаўшы мужчыну, сышлі.
Дарэчы, у свой час Мухін ужо трапляў у псіхіятрычную бальніцу на тры дні пасля звароту ў міліцыю. Тады ў судзе ён не толькі даказаў сваё псіхічнае здароўе, але і адсудзіў у дзяржавы вялікую грашовую кампенсацыю за маральную шкоду.