Жыхары пасёлка пад Гомелем выступаюць супраць зносу іх дамоў

Жыхары пасёлка Перамога Гомельскага раёна выступаюць супраць таго, каб зносілі іх дамы. Такі планы маюць мясцовыя ўлады, бо праз пасёлак пойдзе аўтамагістраль “Усходні абыход”, паведамляе БелаПАН. 30 ліпеня ў пасёлку адбыўся стыхійны сход жыхароў, якія прынялі тэкст звароту ў гарвыканкам і паставілі пад ім каля 80 подпісаў. Пасёлак Перамога разам з Юбілейным і Бярозкамі далучаюць да гораду. Вуліцу Цэнтральную ў Перамозе мяркуюць часткова знесці дзеля будаўніцтва аўтамагістралі. Жыхары пасёлка заклапочаныя гэтым, бо шмат хто ўклаў у свае дамы вялікія грошы. Адзін з гаспадароў нядаўна патраціў на паляпшэнне свайго жылля 20 тысяч долараў. Да таго ж людзі баяцца пагаршэння экалагічнай абстаноўкі ў пасёлку. Яны прапануюць гомельскім уладам скарэктаваць маршрут магістралі і пракласці яе праз паралельную вуліцу Добрушскую. Гэтая вуліца мае дастатковую шырыню і прамалінейнасць і там не давядзецца зносіць жылыя дамы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі