Жыхар Смаргоні з пнеўматыкі абстраляў падлеткаў
Мужчына сцвярджае, што страляў "хаатычна"
Жыхар Смаргоні з пнеўматыкі абстраляў падлеткаў. Адзін з іх пацярпеў. Распачатая крымінальная справа.
Як паведамляе гродзенская міліцыя, здарэнне адбылося яшчэ ў сярэдзіне верасня каля шматпавярховіка. Каля 18-й гадзіны кампанія падлеткаў стала падрываць петарды. Ад гэтага прачнуўся 35-гадовы мужчына. Паводле яго слоў, ён вырашыў разагнаць юнакоў і зрабіў у іх бок тры стрэлы з пнеўматычнага пісталета металічнымі шарыкамі. Мужчына сцвярджае, што страляў "хаатычна", мэты патрапіць у кагосьці не меў. Тым не менш, адзін з шарыкаў трапіў у грудзі 15-гадоваму хлопцу.
Пазней бацькі пацярпелага падлетка звярнуліся ў міліцыю. Удалося высветліць, адкуль вялася стральба, і мужчыну затрымалі. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Хуліганства".
Міліцыя заклікае бацькоў правесці з дзецьмі "дадатковыя прафілактычныя гутаркі аб недапушчальнасці выкарыстання імі піратэхнічных вырабаў", паколькі "выбухі петард могуць выклікаць неадэкватную рэакцыю з боку іншых людзей".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.