Знесці дамкі ў ахоўнай зоне Курапат не могуць ні пракуратура, ні чыноўнікі
Суд не пацвердзіў бяздзеяння Генпракуратуры, якая не да канца выканала сваё ж прадпісанне.
Прадстаўнікі грамадскасці паскардзіліся ў суд на бяздзеянне Генпракуратуры, якая амаль два гады таму дала прадпісанне вынесці з ахоўнай зоны Курапат 4 дамкі рэстараннага комплексу.
Будаўніцтва “Бульбаш-хола” пачалося ля Курапатаў больш за два гады таму. Цяпер будоўля замарожаная, але дамкі да сённяшняга дня стаяць у ахоўнай зоне.
“Пракуратура мусіла выканаць сваё прадпісанне за месяц. Прадпісанне пракуратуры — гэта акт рэагавання, у якім зафіксаваныя строгія парушэнні. Сітуацыя зводзіцца да таго, што факт зафіксаваны — супакойцеся, астатняе не вашая справа. Такая пазіцыя дзяржавы. Сітуацыя абвастраецца яшчэ і тым, што суб’екты гаспадарання спрабуюць прыхапіць прынадныя кавалкі зямлі, якія ўжо ў межах горада”, — тлумачыць прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла.
Прасачыць за выкананнем рашэння пракуратуры мусіў Мінскі аблвыканкам. Але чыноўнікі не паўплывалі на знос дамкоў, бо тыя пакуль не працуюць.
“Будоўля замарожаная. А дамкі не працуюць, яны проста стаяць, іх можна лічыць будматэрыяламі”, — выказваецца падчас суда прадстаўнік Камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінаблвыканкама.
І дадае, што ахоўныя зоны, якія парушыў забудоўшчык “БелРэстІнвест”, “часовыя”. А цяпер інстытутам “Мінскграда” распрацоўваюцца новыя ахоўныя зоны, без якіх пераносіць ці зносіць дамкі зарана.
“Зоны аховы для помніка устаноўленыя і зафіксаваныя. Яны зафіксаваныя ў нарматыўна-прававых актах і унесеныя ў рээстр прававых актаў ”, — адказвае на гэта Гары Паганяйла.
Чаму домікі не знеслі ці не перанеслі, не можа адказаць і прадстаўніца Міністэрства культуры, якая таксама прысутнічае на працэсе.
Падчас судовага пасяджэння суддзя Іван Майсейчык то пераходзіць на беларускую мову, то гаворыць па-руску. У выніку скаргу грамадскасці на бяздзеянне пракуратуры ён не задавальняе. Бо выданае Генпракуратурай прадпісанне нібыта дзейнічае.
Цяпер прадстаўнікі грамадскасці, сярод якіх сябры “Хрысціянскай злучнасці “Курапаты”, Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій ды іншыя збіраюцца абскардзіць рашэнне суда. А пакуль інвестары ўжо праектуюць выставачны комплекс з другога боку Курапат.
Урочышча “Курапаты” — месца, дзе ў сталінскія часы былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек. Помнік быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Ля Курапатаў, поруч з крыжамі — пясок і смецце (фота)
Абаронцы Курапатаў прайгралі ў судзе
Фота - Еўрарадыё