Знойдзена ўжо 219 целаў пасажыраў самалёта, збітага на Данбасе
За апошнія гадзіны на месцы катастрофы малазійскага лайнера знойдзена яшчэ 27 цел і 20 фрагментаў цел загінулых.
Пра гэта заявіў на брыфінгу кіраўнік Дзяржаўнай камісіі па расследаванні прычын катастрофы Уладзімір Гройсман, перадае УНІАН. Ён адзначыў, што гэта дадзеныя, апроч тых 192 целаў і 8 фрагментаў, якія ўжо загружаныя ў цягнік і павінны быць адпраўленыя з чыгуначнай станцыі ў Торэзе.
“На гэты момант за апошнія гадзіны было знойдзена яшчэ дадаткова 27 целаў плюс 20 фрагментаў бязвінна загінулых людзей”, — сказаў Гройсман. Ён дадаў, што “для іх асобна ёсць рэфрыжаратар, у які яны будуць загружаныя” і перавезеныя ў цягнік, гатовы да адпраўкі.
17 ліпеня ў небе над Данеччынай быў збіты цывільны пасажырскі самалёт Малазійскіх авіяліній. Паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў і выведкі ЗША, яго збіла ракета, выпушчаная з падкантрольнай прарасійскім баевікам тэрыторыі. Расійскія ўлады ў сваю чаргу абвінавачваюць у інцыдэнце ўкраінскіх вайскоўцаў.
На борце самалёта знаходзілася 298 чалавек, усе яны загінулі. Пошукавым працам замінаюць узброеныя сепаратысты.