Зняволены праваабаронца Андрэй Бандарэнка сам папрасіўся ў ШЫЗА
12 лістапада яго на два месяцы перавялі ў штрафны ізалятар Бабруйскай калоніі.
Як паведаміў сайту ucpb.org бацька асуджанага Валерый Бандарэнка, заяву аб пераводзе праваабаронца напісаў сам.
“Паколькі было некалькі інцыдэнтаў, якія маглі перарасці ў канфлікт, што, натуральна, прывяло б да парушэння з боку Андрэя. Каб пазбегнуць гэтага, ён напісаў заяву, каб яго перавялі ў камеру ШЫЗА. Паводле распараджэння начальніка калоніі ён будзе знаходзіцца там два месяцы”, — распавёў Валерый Бандарэнка.
Раней стала вядома, што ў адказ на правакацыі супраць яго Андрэй Бандарэнка абвясціў галадоўку. Пасля пераводу ў ШЫЗА праваабаронца спыніў галадоўку. “Для яго прымаюць перадачы”, адзначыў бацька вязня.
Фота: svaboda.org