ЗША абвясцілі новыя санкцыі супраць беларускага прадпрыемства
Санкцыі будуць дзейнічаць на працягу двух гадоў пачынаючы з 19 снежня 2014 года.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША 30 снежня 2014 года абвясціў пра санкцыі супраць беларускага прадпрыемства "Белзнешпрамсервіс" (BelVeshPromService).
Амерыканскія ўлады прыйшлі да высновы, што "Белзнешпрамсервіс" парушыў палажэнні амерыканскага Закона аб нераспаўсюджанні ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі ды Сірыі. У прыватнасці, паведамляе nn.by, гэта азначае ўдзел у перадачы названым краінам ці закупкам у іх тавараў, паслуг і тэхналогій, якія падлягаюць кантролю згодна з шэрагам шматбаковых механізмаў экспартнага кантролю (Аўстралійская група, Васенаарскія дамоўленасці, Канвенцыя аб забароне хімічнай зброі, Рэжым кантролю над ракетнымі тэхналогіямі, Група ядзерных пастаўшчыкоў) ці могуць патэнцыяльна спрыяць распрацоўцы зброі масавага знішчэння ці сістэмаў крылатых ці балістычных ракет.
Акрамя беларускай кампаніі пад санкцыі трапілі таксама шэраг фізічных і юрыдычных асобаў з Венесуэлы, Ірана, Кітая, Паўночнай Карэі, Расіі, Сірыі і Судана.
Санкцыі будуць дзейнічаць на працягу двух гадоў пачынаючы з 19 снежня 2014 года. Дарэчы, "Белзнешпрамсервіс" перыядычна трапляе пад амерыканскія санкцыі з 2004 года.
Санкцыі прадугледжваюць, што кампанія не атрымае ніякай дапамогі ад ЗША, нз ёй не будзе ніякіх кантрактаў і ёй не будуць прадаваць боепрыпасы.
Фота — deita.ru