ЗША заклікаюць вызваліць Сяргея Ціханоўскага і больш за 900 іншых палітвязняў
ЗША "асуджаюць сённяшнія палітычна матываваныя прысуды беларускім апазіцыйным дзеячам". З такой заявай выступіў дзяржсакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен. Ён назваў прысуды, абвешчаныя 14 снежня ў Гомелі, "жорсткімі рэпрэсіямі". Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў узмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч — на 14 гадоў, Уладзімір Цыгановіч і Ігар Лосік атрымалі па 15 гадоў, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў — па 16 гадоў зняволення.
ЗША заклікаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі "спыніць пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, палітычнай апазіцыі, спартсменаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых беларусаў". Вашынгтон чакае неадкладнага вызвалення больш за 900 палітычных зняволеных. Таксама ён заклікае да дыялогу ўладаў з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, да правядзення свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем.
Злучаныя Штаты ўжо ўвялі санкцыі супраць афіцыйнага Мінска і рыхтуюцца да іх пашырэння.
We condemn today’s politically motivated convictions of Belarusian opposition figures Syarhey Tsikhanouski, Mikalai Statkevich, and journalist Ihar Losik. We call for their immediate, unconditional release and that of all 900+ political prisoners held by the Lukashenka regime.
— Secretary Antony Blinken (@SecBlinken) December 14, 2021
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.