З’явіўся сервіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для бізнэсу

З’явіўся сервіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для бізнэсу

Грамадскі рух “Дзея” запусціў сервіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для прадстаўнікоў айчыннага і замежнага бізнэсу. На сайце nabyvaj.by дзелавыя людзі могуць пакідаць свае заяўкі з матэрыяламі, якія неабходна перакласці на беларускую мову, паведамляе Радыё Свабода.

Акрамя гэтага, на сайце можна азнаёміцца з прыкладамі таго, як вытворцы тавараў і пастаўшчыкі паслуг ужо выкарыстоўваюць беларускую мову для прасоўвання сваёй прадукцыі. У гэтым спісе, у прыватнасці, Жабінкаўскі цукровы завод, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, кампанія “Вінакурня Нарач” ды іншыя.

Задума аказваць бізнэсу бясплатныя паслугі па перакладзе матэрыялаў на беларускую мову ўзнікла разам з ідэяй перакладаць на мову тытульнай нацыі заканадаўства. Пра гэта 8 верасня паведаміў журналістам лідар руху “Дзея” Алесь Лагвінец. Паводле яго словаў, ужо сёння ёсць добрыя прыклады выкарыстання беларускай мовы на спажывецкім рынку.

Ён паведаміў, што рух плануе рассылаць айчынным і замежным кампаніям персанальныя лісты з прапановай скарыстацца гэтай бясплатнай паслугай. Лісты будуць падпісаныя партнёрамі праекту — Асацыяцыяй еўрапейскага бізнэсу, Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва, грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, Беларускім таварыствам абароны правоў спажыўцоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі