10 гадоў самаму гучнаму перфомансу Алеся Пушкіна

Мастак згадвае ў дэталях, як рыхтаваў і праводзіў сваю акцыю "Гной для прэзідэнта" +ФОТАРЭПАРТАЖ
Гэта адбылося 10 гадоў таму. На 21 ліпеня 1999 года прыпадалі 5-я ўгодкі праўлення Аляксандра Лукашэнкі. Паколькі ён кіраваўся вынікамі рэферэндума 1996 года, дык палічыў, што прэзідэнцкія выбары пройдуць не ў 1999-м, а ў 2001 годзе. Апазіцыя спрабавала пратэставаць, але вулічныя акцыі не былі шматлюднымі. Затое запомніўся перфоманс, арганізаваны ў Мінску каля будынка адміністрацыі прэзідэнта вядомым беларускім мастаком Алесем Пушкіным. Вось што ён згадвае пра тыя падзеі.

Алесь Пушкін: Цэлы тыдзень я рыхтаваўся, а жонка не здагадвалася. Думала: чаму ён паставіў пасярод двара тачку? А яна была стараватая, не шкада яе было. Я ведаў, што, канешне, яе канфіскуюць, забяруць, арыштуюць адразу. І таму я выбраў тачку непатрэбную, старую, з заржавелымі калёсікамі без гумовых шынак — даламаная тачка. Адзінае, што пафарбаваў у ярка-чырвоны колер і яна стала артаб’ектам.

І былі двое вілаў у маёй гаспадарцы. Адныя вілы для растраскі гною, а другія, караценькія, таксама дрэнныя, старыя, якіх не было шкада.

Я нагрузіў у тачку, палажыў плакат "Аляксандр Лукашэнка з народам", таблічку “за пяцігадовую працу”, дэнамінаваную тысячу рублёў, кайданкі, канстытуцыю 1994 года (змененую на рэферэндуме 1996-га), ну і афіцыйную дзяржаўную сімволіку, плакат купіў "Дзяржаўны герб і сцяг РБ". Усё гэта склаў, накрыў цэлафанам. Даўгія вілы пакінуў дома, узяў карацейшыя.

Усё гэта ўставіў у падагнаны мікрааўтобус, з якога папярэдне былі знятыя сядзенні. Шафёру сказаў, што едзем у тэатр Янкі Купалы, бо "я там працую, і дэкарацыі трэба завесці",  і мы паехалі. Роўна да 12 гадзінаў я загадаў пад’язджаць да тэатру. Ён кажа: “Усюль знакі, нельга, трэба аб'язджаць”. Мы аб’ехалі, вярнуліся на плошчу Леніна, да Дома ураду, даехалі да паштампа і адтуль — у бок "Іспанскага кутка".
 
Пад’язджаем туды, я гавару "заязджаем", ён — “ знак”, я гавару — “парушаем, я ў тэатры працую, заплачу штраф”. Ён пад’ехаў да тэатру, да галоўнага уваходу, я выкаціў тачку, заплаціў яму беларускімі рублямі (выходзіла каля 20 долараў) і ён паехаў сабе, і ніхто яго не затрымаў. А я быў ужо на гэтым месцы роўна без пятнацаці 12-ць.
 
Гляджу: журналісты стаяць. А яны ж не ведалі дзе і што будзе адбывацца. Адзін верны журналіст сказаў ім, што будзе акцыя дзесьці каля рэзідэнцыі. Я гэтаму журналісту папярэдне ўсё распавёў, намаляваў план, сказаў, як буду пад’язджаць…. І ён не выдаў ні ў КДБ, нікуды нічога.

І вось дачакаўся да роўна 12-ці. У кішэні ў мяне ніякіх дакументаў няма, толькі тысяча рублёў на дарогу назад... І качу я тачку па вуліцы Карла Маркса, 38, падкачваю да галоўнага пад'езда, а журналісты здымаюць, здымаюць... Выбягае міліцыянер з рэзідэнцыі.

А я ж пракансультаваўся з ваенным псіхолагам, што павінен рабіць міліцыянер на ахове дзяржаўнага аб’екта. Ён гаворыць: Алесь, ён узброены пісталетам Макарава. Ён павінен папярэдзіць мяне: ”стаяць, не з месца, буду страляць”. Невядома , што ў “тваёй “ тачцы. Калі ты не прыпрынішся з гэтай тачкай, ён вымушаны страляць на паражэнне з гэтага пісталета Макарава...

А міліцыянер што зрабіў, выбег і сказаў: “што вы робіце?!". Я гавару: ”так трэба”. А ён раставіў рукі і стаў перад тачкай, не пускаючы яе. Я зразумеў, што не падкачу да дзвярэй. Дзесьці метраў 5-7 недакаціў да дзвярэй, я вываліў хутка гной і паспеў пад таблічку падкласці партрэт Аляксандра Лукашэнкі і віламі гэта зверху прабіў...
 
Ну ён па рацыі выклікаў АМОН. Тыя падбеглі, схапілі і зацягнулі ў апорны пункт насупраць музея, адразу паставілі камеру і пачалі пытацца: “ваше имя?”. А я гавару: “имя мое неизвестно, подвиг мой бессмертен". Яны не вытрымалі, кажуць: "Да мы знаем, что ты — Пушкин!".

ДАВЕДКА Еўрарадыё: За перфоманс "Гной для прэзідэнта" Алесь Пушкін быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна.
 
















Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі