100 гадоў таму памёр Уладзімір Ленін
Уладзімір Ленін
21 студзеня 1924 года памёр Уладзімір Ільіч Ульянаў, больш вядомы пад псеўданімам Ленін.
Ён быў расійскім камуністычным тэарэтыкам, арганізатарам і кіраўніком Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі і першым кіраўніком Савецкай дзяржавы, якая спыніла сваё існаванне ў 1991 годзе.
Як піша “Вікіпедыя”, Ленін шмат хварэў. Яго здароўе было моцна падарвана рэвалюцыяй і замахамі на яго жыццё. Медыцынскія тэхналогіі таго часу не дазвалялі выцягнуць кулю з яго шыі.
Неўзабаве пасля смерці з’явілася версія пра сіфіліс як адну з прычын дрэннага здароўя Ульянава. Версія знайшла пацвярджэнне пасля падзення камуністычнага рэжыму.
Культ Леніна стаў цэнтрам камуністычнай міфалогіі. За гады камуністычнага рэжыму імём палітыка былі названы дзясяткі гарадоў, тысячы вуліц, прадпрыемстваў па ўсім саюзе і краінах сацыялістычнага блоку. Практычна ў кожным буйным населеным пункце быў помнік Леніну.
З цягам часу некаторыя помнікі Леніну у некаторых гарадах постсавецкай прасторы дэмантуюцца, а вуліцам пачынаюць вяртаць імёны сапраўдных герояў.
Ленін памёр 100 гадоў таму, яго эпоха прайшла. Але цела камуніста з вынутымі вантробамі да гэтага часу выстаўлена на сталы паказ у пабудаваным на Чырвонай плошчы маўзалеі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.