17:59 Беларусы стануць дрэнна пахнуць?

Элітная парфума ў хуткім часе падаражае ў два разы. Прычынай гэтага стаў дэкрэт №20, паводле якога з 1 красавіка 2007 года гандляваць імпартнай парфумай змогуць толькі тыя прадпрымальнікі, у каго ёсць ліцэнзія на знешнегандлёвую дзейнасць. У Беларусі толькі 2 фірмы маюць ліцэнзіі на імпарт, аднак найменняў элітнай парфумерыі ў іх мала, а тое, што ёсць – дарагое.

Як будуць пахнуць беларусы, мы запыталі ў прадпрымальніцы Марты:

“У Маскву ездзіць мы не зможам, а гэта значыць, што парфумны рынак паціху з’едзе на нішто. Я маю на ўвазе элітную парфумерыю. Нам дазволілі гандляваць толькі да заканчэння тэрміну прыдатнасці гэтых рэчаў. З 1 красавіка ўвазіць іх мы не зможам.

Ну нічога, у нас застаецца выйсце – браць усё гэта ў Мінску. Але ўся бяда ў тым, што ў іх вельмі маленькі асартымент. Калі ў мяне, напрыклад, на вітрыне стаіць 200 найменняў тавару, то ў іх – 20. Як у нас на розніцу, так у іх цэны оптам. І гэта нам зусім нявыгадна. А тым больш нявыгадна пакупнікам, таму што цэны вырастуць больш чым у два разы”.


Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур не з’явіўся на апошнюю сустрэчу індывідуальных прадпрымальнікаў. А ад яго там чакалі тлумачэнняў. Якіх дакладна? Улады заявілі, што да прадпрымальнікаў трапляе “левая” парфума. Пабачыць вынікі аналізаў і праверак, паводле якіх былі зробленыя такія высновы, хацеў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа:

“Нам іх так і не паказалі. І сказаць дакладна таксама нічога не могуць. Мабыць, таму што такіх распрацовак проста няма. Я маю на ўвазе дакументы, якія абгрунтоўваюць неабходнасць абмежаванняў такога кшталту, якія ўводзяць гэтыя дакументы”.

Пакуль прадпрымальнікі не ў стане змяніць сітуацыю, ім давядзецца здавальняцца той прадукцыяй, якая застанецца на беларускім рынку.

Аднак надзея застаецца як для пакупнікоў, так і для прадпрымальнікаў. Калі элітную парфуму з-за мяжы нельга прывозіць бізнэсоўцам, яе будуць набываць там простыя людзі:

- Звычайна купляем “Nina Ricсi”
.
- А вы ведаеце, што з 1 красавіка забаранілі ўвоз элітнай парфумы?
- Так.
- І што вы будзеце рабіць?
- Будзем купляць за мяжой.


- Што я буду купляць? Вядома “Lancome”, “Kelvin Klein”. У нас, па-мойму, няма аналагаў. Купляць штосьці нашае – гэта проста непараўнальна.

А прадпрымальнікі ўсё ж спадзяюцца на ўрад:

Марта: “Канечне, мы хочам застацца ў гэтым бізнесе і спадзяемся, што ўрад яшчэ штосьці вырашыць. Па ўсім відаць, калі парфума знікне, урад, магчыма, падумае, шт штосьці не так і дзеьсці, відаць, узнікла памылка”.

Можа, і сапраўды сітуацыя вырашыцца да лепшага боку. Усё ж наўрад ці хтосьці зацікаўлены ў тым, каб беларусы дрэнна пахлі.


Фота — www.istockphoto.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі