19:26 На Глыбоччыне на адзін дзень адродзяць савецкі калгас

У калгас савецкіх часоў ператворыцца на адзін дзень цэнтральная сядзіба адкрытага акцыянернага таварыства “За Радзіму”, што ў Глыбоцкім раёне. Такі антураж плануюць выкарыстаць для правядзення першага этапу раённага конкурсу “Уладар сяла”. Конкурс прыдумалі мясцовы райсельгасхарч і сямейны клуб “Востраў паразумення”.

Як распавяла кіраўнік клубу Марына Гараповіч, “уладаром сяла” стане той, хто вытрымае 18 этапаў конкурсу. Удзельнікам давядзецца касіць сена, збіраць грыбы-ягады, даіць карову, гатаваць стравы ў рускай печы, лавіць рыбу, жыць на нежылым хутары, займацца народнымі рамёствамі.

Кожны конкурс будзе праходзіць у адной з гаспадарак раёну, а возьмуць у ім удзел пераважна гарадскія жыхары. Такім чынам арганізатары плануюць узняць прэстыж аграгарадкоў. Першы этап конкурсу называецца “Рускае поле”.

Канкурсанты павінны будуць ўзараць зямлю ды пасадзіць бульбу. Чаму поле “рускае”, а не “беларускае”, не ведаюць нават арганізатары конкурсу. “Так атрымалася”, - кажуць яны.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі