20-гадовы юнак ударыў таксіста нажом і ўгнаў яго аўто

20-гадовы юнак ударыў таксіста нажом і ўгнаў яго аўто

Узброены напад на таксіста адбыўся ў Капыльскім раёне Міншчыны. Як піша сайт абласной міліцыі, уначы прыватны таксовец адвозіў пасажыра з Капыля ў вёску Стары Капыль, размешчаную за 10 км ад райцэнтра. Пасажыр нечакана накінуў на шыю кіроўцу пятлю і паспрабаваў яго задушыць.

Аднак кіроўца стаў супраціўляцца. Тады нападнік выхапіў нож і стукнуў ім таксіста ў галаву. Кіроўца схапіўся рукамі за лязо і стаў змагацца са зламыснікам. Сам нападнік пры гэтым патрабаваў аддаць яму ўсе наяўныя грошы. Кіроўца выскачыў з машыны. А нападнік з'ехаў на ёй у невядомым напрамку.

Таксовец дабраўся да бліжэйшага дома і папрасіў выклікаць міліцыю. Мужчыну шпіталізавалі з цялеснымі пашкоджаннямі ў выглядзе колата-рэзаных ран ніжняй сківіцы, шыі, локцевага сустава, пляча і пальцаў левай кісці.

Каб злавіць зламысніка, міліцыя ўвяла план "Перахоп". У вёсцы Бабоўня праваахоўнікі заўважылі двух маладых мужчын, адзін з якіх па прыкметах быў падобны да абвешчанага ў вышук. Пры бліжэйшым разглядзе выявілася, што ў маладога чалавека была парэзаная рука і на вопратцы былі сляды крыві.

Высветлілася, што нападнік — 20-гадовы жыхар Капыля, які нідзе не працуе. Пасля нападу на таксоўца ён некалькі гадзін ездзіў па дарогах Капыльшчыны, пакуль машына не загразла ў пяску на адной з лясных дарог. Ён папрасіў свайго прыяцеля дапамагчы выштурхнуць аўто, не патлумачышы, адкуль у яго іншамарка. Прыяцель дапамог, і маладыя людзі адагналі і схавалі "Рэно" ў лесе, недалёка ад вёскі Бабоўня. Неўзабаве пасля гэтага іх затрымалі.

Затрыманы хлопец распавёў міліцыянтам, што паўтара года таму жыў у Гродне, дзе перыядычна ўжываў "спайс". Потым пераехаў з маці жыць у Капыль. Ён кажа. што кінуў ужываць наркотыкі, аднак ні вучыцца, ні працаваць не пайшоў. Напасці на таксоўца ён наважыўся, каб хутка здабыць грошай. Машыну хацеў адагнаць і прадаць у ў Гродне, аднак заблукаў у ваколіцах Капыля.

На нападніка пачалі крымінальную справу за разбойны напад, учынены пры абцяжваючых абставінах.

Фота: relax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі