20 паверхаў замест двух: што хочуць знесці і пабудаваць у Мінску

20 паверхаў замест двух: што хочуць знесці і пабудаваць у Мінску

Да 30 гектараў пад забудову плануюць пусціць сталічныя ўлады ў Мінску. Раёны Асмалоўкі, “Розачкі”, Зялёнага луга, трактарнага завода і чыгуначнага вакзала хочуць перабудаваць і ўшчыльніць. Разбярэмся на мапе, як гэта будзе выглядаць.

1. Асмалоўка. Раён пасляваеннай забудовы з двухпавярховых дамоў каля Опернага тэатра хочуць знесці, замяніўшы яго навабудам з 5-6-павярховымі дамамі, паркінгам і гандлёвым цэнтрам. У той час, калі мясцовыя жыхары ды проста неабыякавыя гараджане збіраюць подпісы супраць, кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі проста называе дамы на Асмалоўцы “бетоннымі скрынямі”. Улады горада плануюць, што жыллёвы фонд раёна вырасце ўтрая, можна будзе засяліць 3,4 тысячы чалавек, парковачных месцаў стане 757. Інвестара няма.

2. Рабочы пасёлак Трактарнага завода. Двухпавярховыя дамы забудовы 1940-1950-х гадоў каля трактарнага завода хочуць знесці. Агулам пад бульдозер плануюць пусціць 10 двухпавярховых дамоў на 88 кватэр. А на іх месцы з’явіцца 330 кватэр. Першы двухпавярховы будынак, былы дзіцячы садок, ужо знеслі. Большасць жыхароў выступае за рэканструкцыю, а не знос.

3. “Розачка”. У раёне вуліц Розы Люксембург і Карла Лібкнехта гарадскія ўлады хочуць знесці 13 дамоў, у якіх размешчана 1587 кватэр. На іх месцы з’явяцца хмарачосы (да 20-ці паверхаў) і паркінг на амаль тысячу месцаў. Інвестара няма. Большасць жыхароў супраць, бо не ведаюць, дзе ім дадуць кватэры.

4. Раён за “брамай горада” перад чыгуначным вакзалам, а дакладней, у межах вуліц Кірава, Свярдлова, Ульянаўскай і Бабруйскай. Тут плануюць пабудаваць паркоўку і рэканструяваць адміністрацыйны будынак пад гімназію. Інвестара няма.

5. Зялёны луг, раён вуліц Лагойскі тракт, Сядых, Кедышкі, Славінскага. Гарадскія ўлады плануюць пабудаваць тут высоткі і павялічыць колькасць пражываючых у раёне на тры тысячы чалавек. Таксама дадаткова плануецца стварыць 2608 месцаў пад паркоўку.

Як захаваць свой раён і паўплываць на планы забудоўшчыка. Свае парады дае каардынатар кампаніі “Генплан для мінчан” Дзяніс Кобрусеў.

— Былі прыклады, калі будоўля спынялася. На кожным трэцім абмеркаванні часткова ўлады ідуць на кампраміс. У Мінску ёсць такія выпадкі, калі меркаванне жыхароў улічвалася. Людзі могуць пісаць калектыўныя, прафесійныя звароты і дамагацца свайго.

— Цяпер з заўвагамі і прапановамі трэба пісаць са спасылкай на законы. Але гэта негатыўная практыка. Ужо цяпер у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва распрацоўваецца закон, каб ад жыхароў не патрабавалася такіх прафесійных заўваг. Але яны ўсё адно мусяць быць абгрунтаванымі.

— Напрыклад, па Асмалоўцы, трэба пісаць заўвагі са спасылкамі на закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Там жа пашырэнне вуліцы Багдановіча проста супярэчыць генплану Мінска.

— Найперш дапамагае грамадскі розгалас, бо чыноўнікі не настроеныя на дыялог. Яны проста фармальна выконваюць нейкія працэдуры. Чым больш знойдзена парушэнняў, тым лягчэй даказваць сваю праўду жыхарам таго ці іншага раёна. Таксама могуць дапамагчы подпісы супраць будаўніцтва, каб быў прызнаны факт сацыяльнага напружання. Але колькі такіх подпісаў трэба — невядома, чым больш, тым лепш. Такім чынам: подпісы, грамадскі розгалас, абгрунтаваныя звароты і дыялог з чыноўнікамі.

Пакуль самай вядомай будоўляй, якая не адбылася, можна назваць праект офіснага цэнтра каля Курапат. Тады будоўля спынілася праз пратэсты актывістаў і мясцовых жыхароў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі