20 выкладчыкаў БДУІР плануюць далучыцца да студэнцкай забастоўкі
Акрамя студэнтаў, прадпрыемстваў і прыватных кампаній, да нацыянальнай забастоўкі, абвешчанай Святланай Ціханоўскай, далучаюцца ўніверсітэцкія выкладчыкі. Пра свой удзел абвясцілі больш за 20 супрацоўнікаў БДУІР. Цяпер яны збіраюць спіс аднадумцаў:
— Спіс пакуль бачылі не ўсе зацікаўленыя асобы. То-бок не ўсе дадалі сябе, — расказвае Еўрарадыё выкладчыца БДУІР, якая папрасіла захаваць яе ананімнасць.
Па словах нашай суразмоўніцы, у кожнага выкладчыка, які далучаецца да забастоўкі, свае формы ўдзелу ў ёй.
— Нехта не прымае працы і проста размаўляе на занятках на агульныя тэмы. Іншы выдае заданне і сядзіць моўчкі. Іншы наогул не прыходзіць на заняткі.
Выкладчыца дадала, што частка супрацоўнікаў падтрымлівае забастоўку, але не хоча актыўна ў ёй удзельнічаць. Некаторыя не разумеюць, у якой форме яны могуць гэта зрабіць.
Ёсць і тыя, хто супраць забастоўкі. Ціску з боку кіраўніцтва БДУІР, дадала суразмоўніца, пакуль не было. Але яго чакаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.