23 кастрычніка разгледзяць праект ахоўнай зоны Курапатаў
Прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў” паспрабуюць патрапіць на паседжанне Навуковай рады Міністэрства культуры.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла ўдзельніца ініцыятывы Ганна Шапуцька. Новы праект ахоўнай зоны аўтарства архітэктара-рэстаўратара Вадзіма Глінніка распрацоўваўся амаль год. Пра яго гатоўнасць стала вядома ў панядзелак на паседжанні працоўнай групы па добраўпарадкаванні ўрочышча, дзе бралі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, Мінкульта, Акадэміі навук, лясніцтва і ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў”.
Разгляд праекта адбудзецца ў сераду, 23 кастрычніка. Навуковая рада можа як прыняць праект, гэтак і адхіліць яго. Прадстаўнікі ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў вядуць перамовы з Мінкультуры наконт прысутнасці на паседжанні. Грамадскія актывісты занепакоены, што новы праект можа зменшыць ахоўныя зоны Курапатаў і, такім чынам, легалізаваць усе будынкі забаўляльнага комплекса (так званага “Бульбаш-хола”) ля ўрочышча. Дарэчы, замоўцам праекта з’яўляецца БелРэстІнвест — забудоўнік забаўляльнага комплекса.
Нагадаем, што Курапаты — гэта ўрочышча пад Мінскам, дзе ў гады сталіншчыны былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч чалавек, ахвяраў рэпрэсій.
Фота — bymedia.net